Вы тут

У Беларусі немагчыма згвалтаваць мужчыну. Чаму?

Фота: ok.ru

У Беларусі немагчыма згвалтаваць мужчыну. Такога злачынства папросту няма ў Крымінальным кодэксе. Артыкул 166 КК “Згвалтаванне” сфармуляваны так, што ахвярай гвалту можа стаць толькі жанчына:

Глядзіце: пацярпелая, а не пацярпелы; малалетняя, а не малалетні; непаўнагадовая, а не непаўнагадовы. Выпадковасць? Не.

“166-ы артыкул [Крымінальнага кодэкса] “Згавлтаванне” тычыцца пацярпелай жанчыны, а мужчына пацярпелым па ім быць не можа. Сутнасць згвалтавання ў гэтым артыкуле раскрываецца праз азначэнне “палавыя зносіны”, а ў класічным варыянце гэта акт паміж мужчынам і жанчынай, — тлумачыць мінская адвакатка Вольга Савіч. — Такім чынам, наш заканадаўца лічыць, што артыкул “Згвалтаванне” карэктна прымяняць менавіта да жанчыны. У дачыненні да мужчыны заканадаўца тое самае называе гвалтоўнымі дзеяннямі сексуальнага характару”.

Артыкул 167 КК “Гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару” сапраўды напісаны карэктна з пункту гледжання гендара. У ім можа быць і пацярпелая, і пацярпелы:

“Артыкул 167 кажа, што гвалтоўныя дзеянні могуць адбыцца і з мужчынам, і з жанчынай. Там пералічаныя мужаложства, лесбіянства, а таксама любыя іншыя дзеянні сексуальнага характару супраць волі пацярпелага”, — працягвае Вольга Савіч.

Але, як кажуць, ёсць нюанс

Вярхоўны суд, каментуючы ўжыванне гэтых артыкулаў, адмыслова заўважае, што пад “любымі іншымі” гвалтоўнымі дзеяннямі можа разумецца што заўгодна, “акрамя палавога акту”. Парадаксальнае тлумачэнне ўтрымліваецца ў пастанове пленума Вярхоўнага суда №7 ад 27 верасня 2012 года:

Так мужчыну зноў выкраслілі з ліку патэнцыйных ахвяраў згвалтавання.

 

А што там у расіян?

Ахвярай па артыкуле 131 расійскага Крымінальнага кодэкса “Згвалтаванне” можа стаць толькі жанчына. Наступны артыкул прысвечаны гвалтоўным дзяенням сексуальнага характару — там дапускаюцца і пацярпелая, і пацярпелы.

Здаецца, тая ж гісторыя, што і ў нас — але не тая, бо Вярхоўны суд Расіі даў тлумачэнне, супрацьлеглае таму, што далі іх беларускія калегі. Прычым, ахапіў адразу абодва “спрэчныя” артыкулы:

“Да злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 131 і 132 КК РФ, належаць палавыя зносіны, мужаложства, лесбіянства і іншыя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да пацярпелай асобы (пацярпелай ці пацярпелага), здзейсненыя насуперак яе волі і згоды і з ужываннем гвалту ці з пагрозай яго прымянення да пацярпелай асобы ці да іншых асобаў ці з выкарыстаннем бездапаможнага стану пацярпелай асобы”.

Мужыкі, падумайце пра гэта — і пераязджайце жыць у Беларусь, бо ў Расіі мужчыну згвалтаваць можна, а ў Беларусі — нельга.

Ці ўсё ж можна?

Да 2015 года Белстат рэгулярна рыхтаваў зборнікі аб парушэнні закона ў Беларусі. Сярод іншага, там можна знайсці статыстыку па злачынствах, здзейсненых жанчынамі. І вось, у адным са зборнікаў згадваецца… згвалтаванне, здзейсненае жанчынай!

Калі верыць статыстыцы, у 2010 годзе жанчына такі згвалтавала ў Беларусі мужчыну. Гэта не была лесбійская сувязь, бо Крымінальны кодэкс расцэньвае яе не як згвалтаванне, а як гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару. Так што, беларускія мужчыны, усё ж будзьце ўважлівыя. Нельга і нельга, але магчымыя нюансы!