Банду, якая дзейнічала 27 гадоў, выкрылі ў Беларусі
Падчас следчага эксперыменту / Следчы камітэт
У Беларусі завяршылі расследаванне па справе злачыннай групы, якая дзейнічала з 1998 па 2025 год. Удзельнікаў банды вінавацяць у двух выкраданнях аднаго і таго ж мінчука, забойстве ахоўніка ў Віцебску, вымагальніцтве сотняў тысяч долараў ды іншых цяжкіх злачынствах, расказалі ў МУС і Следчым камітэце.
Выкрыць банду ўдалося пры расследаванні серыі выкраданняў чалавека ў 2019 годзе. Потым ускрыліся і больш раннія эпізоды — з канца 1990-х. Склад групы з цягам часу мяняўся.
Як заяўляюць следчыя, 51‑гадовы віцяблянін у 2019-м арганізаваў выкраданне мінчука, каб сілай спагнаць неіснуючую запазычанасць. Мужчыну завабілі ў аўто, ударылі электрашокерам, звязалі, вывезлі ў прыватны дом і трымалі 12 дзён, патрабуючы 250 тысяч долараў. Выкрадальнікі ўжывалі фізічны і псіхалагічны ціск на закладніка, пагражалі яму і яго сям'і. У Следчым камітэце кажуць, што ахвяру білі металічнай дубінкай, палохалі ўключаным прасам, падводзілі аголеныя правады да апушчаных у ваду ног і імітавалі падключэнне да электрычнай сеткі, а таксама пагражалі паляўнічай стрэльбай.
Баючыся за блізкіх, мужчына папрасіў жонку перадаць выкрадальнікам сямейныя ашчаджэнні, пазычыў вялікія сумы ў сяброў, а таксама прадаў кватэру, гараж і аўтамабіль. Выкрадальнікі ж забраліся ў яго гараж, забралі маёмасць і знялі грошы з банкаўскай карткі.
Мужчыну адпусцілі, атрымаўшы частку патрабаванай сумы. А праз дзевяць месяцаў, у снежні 2019-га, яго зноў выкралі з паркоўкі ў Мінску і прывезлі ў той жа дом. Гэтым разам у яго запатрабавалі яшчэ 20 тысяч долараў, а таксама забралі Audi A6 і наручны гадзіннік. Мінчука палохалі расправай над сям'ёй, калі ён звернецца ў міліцыю.
Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю толькі ў студзені 2020-га, калі даведаўся, што меркаваны арганізатар злачынства адбывае пакаранне ў іншай краіне. Пазней следчыя выявілі і затрымалі ўсіх меркаваных удзельнікаў банды.
Падчас расследавання выявіліся іншыя эпізоды. Улетку 1998-га банда ўварвалася ў кватэру віцябляніна, які нелегальна абменьваў валюту, і выкрала вялікую суму грошай. У верасні таго ж года яны напалі на офіс прадпрымальнікаў: здабычай налётчыкаў стала аргтэхніка і сейф з грашыма і працоўнымі кніжкамі супрацоўнікаў. Калі абрабаваная фірма адмовілася плаціць выкуп за дакументы, зламыснікі здзейснілі выбух на ганку катэджа бізнэсвумэн. "Пры канцы снежня 1998 года падчас паўторнага разбою на офіс з абрэза паляўнічай стрэльбы забілі ахоўніка", — расказалі ў МУС.
У лістападзе 2000-га банда з агнястрэльнай зброяй напала на склад прыватнага прадпрыемства ў Віцебску. Дырэктара кампаніі, яго жонку і работнікаў збілі. Са складу выкралі каштоўнасці на суму, эквівалентную тагачасным 11 тысячам рублёў — кошту кватэры ў абласным цэнтры.
У 2025 годзе ўдзельнікі банды правялі напад, каб бясплатна атрымаць права на зямельны ўчастак у Віцебскай вобласці.
Па справе праходзяць сем чалавек, усіх іх узялі пад варту.