Вы тут

У Беларусі можа з'явіцца дэпартамент па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі

Беларуская АЭС / Еўрарадыё​

У Беларусі можа з'явіцца спецыяльны дэпартамент і нацыянальны аператар па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі. Гэтае пытанне абмяркоўвалася сёння на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе БЕЛТА.

Урад прапануе стварыць дэпартамент і спецыялізаваную арганізацыю, якая будзе збіраць, перапрацоўваць, захоўваць і хаваць такія адходы.

Лукашэнка на гэтую прапанову сказаў, што "трэба параіцца". Ён нагадаў, што гэтыя адходы ўтвараюцца "ў працэсе эксплуатацыі крыніц іянізавальнага выпраменьвання". Гаворка не толькі пра БелАЭС, але і пра медыцыну, прамысловасць, абарончы комплекс.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што ядзерныя адыходы не толькі вельмі небяспечная сыравіна, але і "найкаштоўнейшы прадукт".

"Гэта сур'ёзнае пытанне і найвялікшая каштоўнасць. Як паказвае міжнародная практыка, абыходжанне з такімі адходамі патрабуе стварэння адзінай дзяржаўнай сістэмы", — сказаў ён.

Раней сёлета кіраўнік дзяржавы згадваў ядзерныя матэрыялы ў кантэксце той ролі, якую Беларусь грае ў рэгіёне падчас стрымлівання кантрабанды і патокаў мігрантаў. Па яго словах, Захад просіць Мінск затрымаць "ядзерныя матэрыялы", каб яны "не трапілі ў Еўропу". Мінск гатовы гэта рабіць, але толькі калі еўрапейскія краіны і ЗША зробяць крокі насустрач, даў зразумець Лукашэнка. 

Яшчэ раней было вырашана, што для захоўвання адходаў з БелАЭС пабудуюць пункт пахавання радыеактыўных адходаў. Першыя 10 гадоў адходы будуць захоўваецца ў спецыяльнай зоне на пляцоўцы станцыі, потым іх перапахаваюць. Месца для будаўніцтва пункта пахавання павінны выбраць да 2023 года. А пабудаваць сховішча разлічваюць да 2028 года, пра гэта летась расказваў прадстаўнік Мінэнерга.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.