Вы тут

У Беларусі будуць судзіць бізнесмена за скрадзены 1 мільён долараў

Усе махлярскія схемы былі разблытаны / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У Беларусі будуць судзіць бізнесмена за скрадзены больш за 1 мільён долараў. Сярод артыкулаў Крымінальнага кодэкса — махлярства, замах на махлярства, крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, падбухторванне да дачы хабару. Генпракуратура накіравала крымінальную справу ў суд Цэнтральнага раёна сталіцы.

Прозвішча "заснавальніка і дырэктара шэрагу суб'ектаў гаспадарання" не называецца. Паведамляецца, што ў 2016-2019 гадах ён "меў намер завалодаць чужымі грашыма", пазычаючы іх для канцэртнай дзейнасці і фінансавання будаўніцтва. Ад шасці асоб атрымаў 700 тысяч долараў. З імі ад свайго імя і імя таварыства з абмежаванай адказнасцю бізнесмен падпісваў дамовы пазыкі. Таксама ён завалодаў больш за 800 тысячамі рублёў прадпрыемства. На яго рахунак паступіла 180 тысяч рублёў ад рэалізацыі квіткоў на канцэрт Scorpions у Мінску.

Што да падбухторвання да дачы хабару "службовым асобам рознага ўзроўню", то гаворка ішла пра суму 1,8 млн долараў нібыта на станоўчае вырашэнне пытання аб выдзяленні зямельнага ўчастка пад будаўніцтва жылога дома. Бізнесмен і яго кампаньён атрымалі толькі 75 тысяч долараў і ў той жа дзень былі затрыманы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.