Вы тут

У Баранавічах за хабар затрымалі дырэктара завода-філіяла "Атланта"

Баранавіцкі станкабудаўнічы завод / nashkraj.by​

У Баранавічах за хабар затрыманыя дырэктар і начальнік бюро камерцыйнага аддзела станкабудаўнічага завода, паведамілі ў прэс-службе МУС. Прадпрыемства — філіял ЗАТ "Атлант".

Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС.

"Кіраўнік прадпрыемства спрабаваў схавацца ад праваахоўнікаў ва прыбіральні працоўнага кабінета і пазбавіцца ад грошай", — расказалі ў МУС.

Тым не менш купюры ўдалося выратаваць. Сума хабару склала 600 тысяч расійскіх рублёў. Яшчэ 330 тысяч расійскіх рублёў атрымаў начальнік бюро завода. Да моманту затрымання ён паспеў абмяняць частку сумы на долары ЗША. Грошы канфіскаваныя.  

Паведамляецца, што хабар кіраўніцтву завода перадаў прадстаўнік чалябінскай фірмы — за своечасовае выкананне дамоваў аб пастаўцы металавырабаў.

У ГУБАЗіК не выключаюць, што кіраўніцтва завода магло атрымліваць "адкаты" ў выглядзе працэнта ад сумы тавараабароту штогод.

Па факце атрымання хабару заведзеная крымінальная справа. Затрыманых пакінулі пад вартай і змясцілі ў ІЧУ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.