У Аўстраліі могуць правесці рэферэндум аб легалізацыі аднаполых шлюбаў
Урад Аўстраліі заявіў, што правядзе рэферэндум па пытанні легалізацыі аднаполых шлюбаў, калі кіруючая кааліцыя атрымае перамогу на выбарах, паведамляюць замежныя СМІ.
Такое рашэнне было прынятае на наступны дзень пасля таго, як прэм’ер-міністр Малькальм Торнбул адрынуў крытыку кансерватыўных чальцоў яго кааліцыйнага ўраду, якія асудзілі яго за наведванне штогадовага гей-парада “Мардзі-Гра” ў Сіднеі. У выпадку станоўчага рашэння адпаведнае заканадаўства будзе праведзенае праз парламент да канца бягучага года.
Торнбул стаў першым кіраўніком аўстралійскага ўраду, які наведаў ЛГБТ-фэст “Мардзі Гра”. У самім шэсці ён удзелу не прымаў. Апроч прэм’ера, фэст наведаў кіраўнік апазіцыйнай Партыі лейбарыстаў Біл Шортэн, які ўсё ж далучыўся да працэсіі.
Аднаполыя шлюбы сёння рэгіструюць у 20 краінах свету, некалькіх штатах Мексікі, на большай частцы Вялікабрытаніі. Упершыню іх легалізавалі ў Нідэрландах у 2001 годзе.