У ААН прызналі парушэнні ў справе расстралянага цыгана

Васіль Юзэпчук, цыган па нацыянальнасці, пражываў у Драгічынскім раёне. Мужчыну меў псіхічнае адхіленне і дрэнна арыентаваўся ў часе. У 2009 годзе Брэсцкі абласны суд прызнаў яго вінаватым у серыі забойстваў пенсіянерак. У наступным годзе быў выкананы і прысуд - смяротнае пакаранне.

Інтарэсы Юзэпчука ў Камітэце па правах чалавека ААН прадстаўляў праваабаронца Раман Кісляк. Па словах праваабаронцы, мужчына пад ціскам праваахоўнікаў узяў віну на сябе: яго збівалi, марылі голадам, кідалі ў карцэр, сілком паілі гарэлкай і давалі невядомыя таблеткі. Пра гэта абвінавачаны не аднойчы заяўляў на судзе, але належным чынам гэтыя факты не былі разгледжаны.

"Каб суд быў незалежным і непрадузятым, трэба каб ён выконваў мінімальныя стандарты справядлівага правасуддзя. Усе гэтыя стандарты ўказаныя ў артыкуле 14 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. На самой справе крымінальна-працэсуальны кодэкс, наш беларускі, патрабуе значна большага, але, як бачна, нават гэты мінімум не выконваўся", - распавядае Раман Кісляк.

Камітэт прызнаў адразу некалькі парушэнняў Беларуссю правоў Васіля Юзэпчука. Сярод іх артыкула 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які забараняе катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. Міжнародны орган назваў судовае разбіральніцтва не адпавядаючым крытэрыям незалежнасці і непрадузятасці, бо доказы з'яўляліся ўскоснымі і не дазвалялі зрабіць адназначную выснову аб вінаватасці. Гэта з'яўляецца парушэннем артыкулу 14, які прадугледжвае мінімальныя гарантыі справядлівага судовага працэса. Фактычна 4 гады таму мог быць рассталяны невінаваты чалавек, што сведчыць аб адвольным пазбаўленні жыцця - парушэнні права на жыццё, прадугледжанага артыкулам 6 Пакта.

"Гэта - 2 з мінусам па 5-бальнай сістэме нашаму правасуддзю. Я думаю, што мы не здолеем выправіць гэтая недахопы, калі для некаторых справаў, якія прадугледжваюць асабліва цяжкае пакаранне, не ўвядзем суд прысяжных. На мой погляд, суды дыскрэдытавалі сябе менавіта з боку назалежнасці і непрадузятасці", - рэзюмуе Раман Кісляк.

Праваабаронца таксама нагадвае, што справа Юзэпчука ўжо трэцяя, у якой Камітэт па правах чалавека ААН прызнае парушэным права на жыццё. Год таму былі выяўлены парушэнні ў справах Уладзіслава Кавалёва і Андрэя Жука, якіх расстралялі ў 2011-м і 2010-м годзе адпаведна.

Фота: gazetaby.com

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі