Вы тут

У 2021 годзе складскія запасы быццам бы знізіліся, але ёсць нюанс

Сітуацыя ў беларускай прамысловасці далёка не радасная / Еўрарадыё

Намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч днямі пахваліўся зніжэннем складскіх запасаў — маўляў, яны дасягнулі мінімальных значэнняў за апошнія восем гадоў. Еўрарадыё вывучыла афіцыйную статыстыку. Высветлілася, што ўсё не так адназначна.

Белстат рапартуе, што на 1 красавіка складскія запасы склалі 61,2% ад узроўню месячнай вытворчасці. Калі параўноўваць з 1 красавіка 2020-га, то паказчык сапраўды прыкметна ніжэйшы — тады ён складаў аж 76,4%.

Нюанс у тым, што з пачатку 2021-га прыкметна растуць аб'ёмы прамысловай вытворчасці — на 9,2%. У першым квартале мінулага года яны, наадварот, зніжаліся. Расце вытворчасць — расце і база, ад якой вылічаюцца складскія запасы.

Акрамя таго, у пачатку 2020-га на фоне пандэміі рэзка ўпалі продажы. Цяпер уплыў каранавіруса на эканоміку куды ніжэйшы. Крыху вырас з тых часоў і экспарт.

Дарэчы, у вартасным выражэнні аб'ём складскіх запасаў трохі вырас. На 1 красавіка 2021-га — 5,591 млрд рублёў. А на пачатак красавіка 2020-га — 5,464 млрд рублёў.

За год амаль на траціну вырасла і сумарная запазычанасць прадпрыемстваў: з 66 да 90 млн рублёў. Але будзем справядлівыя, становішча прадпрыемстваў прамысловасці ў параўнанні з пачаткам 2020-га палепшылася. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за студзень — люты выручка ад продажаў прампрадукцыі вырасла на 27,1%, а колькасць стратных прадпрыемстваў скарацілася на 9%.
 

За кошт чаго расце вытворчасць

Часта прыкметнае павелічэнне выпуску прампрадукцыі звязана з сезоннасцю і неабходнасцю замены тэхнікі. Напрыклад, выпуск машын для ўнясення мінеральных угнаенняў сёлета ў першым квартале быў на 49% вышэйшы, чым у студзені — сакавіку летась. Уборачных машын вырабілі на 40% больш, а прычэпаў і паўпрычэпаў для сельгаспрадпрыемстваў — на 36,5%.

Але абсалютны лідар — вытворчасць коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі. У цэлым па групе тавараў рост склаў 47,1%, а калі асобна глядзець на змазачныя алівы — то на 82,9%. Аднак гэта тлумачыцца не неймавернымі поспехамі "нафтанкі" ў першым квартале 2021 года, а тым, што ў пачатку 2020-га былі праблемы з пастаўкамі расійскай нафты, за кошт чаго заводы працавалі напаўсілы.

Нафтаперапрацоўка працуе з пачатку года нядрэнна / TUT.by

Іншыя драйверы росту прамысловай вытворчасці сярод тавараў — гіпс (+44%), калійныя ўгнаенні (+43%), палімеры этылену (+87,6%) і гэтак далей.
 

Склады ломяцца ад адзення і электронікі

Паводле звестак Белстата, больш за ўсё на складах запасаў тэкстылю і адзення. Увага: там захоўваецца столькі, колькі прадпрыемствы легпрама вырабляюць за 3,7 месяца.

Запасы вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры перавышаюць месячную вытворчасць у 1,6 раза, а некаторых машын і абсталявання — у паўтара раза. Прыкметныя запасы сфармаваліся і па іншых пазіцыях — напрыклад, па крухмале, марожаным, вінах, касметыцы, посудзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.