Вы тут

"Трыбуна": у брэсцкім "Дынама" заразіліся каранавірусам 16 чалавек

Брэсцкія дынамаўцы ў Смалявічах / twitter.com/dynamobrest

У брэсцкім "Дынама" заразіліся каранавірусам 16 чалавек: 11 футбалістаў і 5 працаўнікоў клуба, паведамляе by.tribuna.com. З гульцоў у бальніцу трапілі Сяргей Ігнатовіч, Аляксандр Наёк і Раман Юзэпчук. У самаізаляцыі знаходзяцца Арцём Мілеўскі, Дзяніс Лапцеў, Яўген Хачарыдзі, Усевалад Садоўскі, Максім Вітус, Сяргей Крывец, Міхаіл Гардзяйчук, Кірыл Пячэнін.

Праблемы ў "Дынама" ўжо былі перад матчам 3 ліпеня ў гасцях са "Смалявічамі", аднак Беларуская федэрацыя футбола не дазволіла яго перанесці. Са спісу хворых у ім паўдзельнічалі Вітус, Крывец і Мілеўскі, якія здалі тэсты ўжо пасля паядынку.

10 ліпеня брэсцкае "Дынама" прымае "Слуцк". Зусім магчыма, што гуляць будзе дубліруючы склад каманды. Калі федэрацыя не перанясе гэты матч.

Пра тое, што ў брэсцкім "Дынама" "успышка каранавіруса", стала вядома 2 ліпеня (у той дзень Аляксандр Лукашэнка заявіў, што каранавірус у нашай краіне пераможаны). 3 ліпеня гендырэктар клуба Сяргей Вараб'ёў прызнаў, што "некалькі гульцоў асноўнага складу праходзяць абследаванне", вынікаў тэстаў яшчэ не было. 5 ліпеня лідар каманды Арцём Мілеўскі напісаў у Instagram, што сыходзіць на двухтыднёвую самаізаляцыю.

У чэмпіянаце Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе пасля 16 тураў лідыруюць "Шахцёр" і БАТЭ — па 30 ачкоў, "Нёман" і "Энергетык-БДУ" набралі па 29, у брэсцкага "Дынама" і "Тарпеда-БелАЗ" — па 26 ачкоў.

АБФФ

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.