Тры гады за "Обійми". Вакарчук адрэагаваў на прысуд Мэрыем Герасіменка
Мэрыем Герасіменка / instagram.com/meriem_gera
“Я не магу зразумець, чаму данаціць украінскаму войску — гэта парушэнне грамадскага парадку”.
Лідэр гурта "Океан Ельзи" Святаслаў Вакарчук пракамэнтаваў прысуд беларускай спявачкі Мэрыем Герасіменка. Дзяўчына атрымала тры гады “хатняй хіміі” за выкананне хіта “ОЕ” "Обійми".
Падчас эфіру на тэлеканале "1+1" Вакарчук заўважыў, што ў Беларусі прымяняюцца рэпрэсіўныя метады, якія выкарыстоўваліся ў савецкі час. Калі ўсіх, хто быў нязгодны і пратэставаў супраць улады, саджалі і пераследавалі:
"У дадзеным выпадку гэта тыповыя рэпрэсіўныя метады. Мне вельмі шкада гэту выдатную дзяўчыну, якая, я спадзяюся, знойдзе сілы і годна пройдзе гэтае выпрабаванне. Жадаю ёй і ўсім астатнім, цалкам несправядліва асуджаным, або тым, хто чакае суда, — трываласці. Безумоўна, мы іх у гэтым падтрымліваем маральна, чым можам”, — сказаў Вакарчук.
Музыка таксама звярнуў увагу на тое, што спачатку прычынай затрымання Герасіменка назвалі выкананне ёю песні на ўкраінскай мове, а потым заявілі, што прычынай стала тое, што артыстка данаціла на ўкраінскае войска:
“Я не магу зразумець, чаму данаціць украінскаму войску — гэта парушэнне грамадскага парадку... Гэта зусім іншы свет, з якога, дзякуй Богу, мы, украінцы, выйшлі ў 1991 годзе і дакладна ніколі ня вернемся. Мы цяпер плацім цану страшных ахвяраў, каб не вярнуцца да гэтага страшнага жаху, у якім цяпер знаходзяцца Беларусь і Расія", — сказаў Вакарчук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.