Trubetskoy запрашае слухачоў на спірытычны сеанс

Trubetskoy запрашае слухачоў на спірытычны сеанс

Напярэдадні выхаду дэбютнага альбома "Magister Bibendi" гурт Trubetskoy апублікаваў маніфест і тызер кліпа на загалоўную песню. Рэліз дыска адбудзецца 23 кастрычніка, і на ім не будзе ніводнай знаёмай слухачам песні.


"Шмат хто думаў, што мы памерлі. Але мы спяваем і танчым! — заяўляюць музыкі ў маніфесце. — Таму што рок-н-рол можа заглушыць нават звон пахавальных званоў. Калі героі вядуць людзей на вайну, мы апранем маскі антыгерояў. Калі танцпляц завалены касцямі — давайце на іх хоць патанчым! Калі рок-музыка — гэта мёртвая нявеста, чаму б не паціскаць нябожчыцу? Раптам прачнецца?".


Музыкі сцвярджаюць, што іх "Magister Bibendi" "гэта не проста распарадчык папойкі", а яшчэ і трыкстар, вулічны маг, абаяльны жулік, дыджэй на балі падчас чумы. Ён прыходзіць у свет, калі той становіцца занадта сур’ёзным. Нам здаецца, што час ужо надышоў. Мы запрашаем усіх на калектыўны спірытычны сеанс — зазірнем у расколіну паміж сусветамі і выклічам дух Магістра разам!".

Кліп на аднайменную з альбомам песню "Magister Bibendi" выйдзе 19 кастрычніка. 23-га з'явіцца альбом, пасля чаго Trubetskoy рушыць у вялікі тур у падтрымку альбома. У Віцебску гурт выступіць 20 лістапада, а ў Гомелі — 4 снежня. 


Нагадаем, гурт Trubetskoy быў заснаваны ў верасні 2014 экс-музыкамі "Ляпіса Трубяцкога" Паўлам Булатнікавым (вакал), Русланам Уладыкам (гітара), Аляксандрам Старажуком (бубны), да якіх далучыўся Алесь-Францішак Мышкевіч (бас-гітара). На пачатку побач з уласнымі новымі песнямі каманда, з дазволу Сяргея Міхалка, выконвала песні "Ляпісаў", аднак пазней Міхалок перадумаў і забараніў былым калегам кранаць яго спадчыну. У выніку "Трубяцкія" афіцыйна адмовіліся ад песень Міхалка і на новым альбоме прадставяць сваю ўласную творчасць.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі