Трох прадавачак на Лідчыне забілі дзеля 40 мільёнаў рублёў

Следчы камітэт завяршыў следства па крымінальнай справе 28-гадовага ўраджэнца Брэстчыны, якога вінавацяць у забойстве трох жанчын за 40 мільёнаў рублёў. Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Як паведамляе БелаПАН, спярша мужчына забіў дзвюх прадавачак у Лідзе. Іх целы са шматлікімі пашкоджаннямі знайшлі на працоўным месцы 15 верасня 2013 года. Праз год такое ж забойства адбылося ў вёсцы Сялец Лідскага раёна. Тады цела жанчыны знайшлі ў лесапаласе каля крамы, у якой яна працавала.

Следчыя кажуць, што доўга не маглі злавіць зламысніка, бо ён старанна рыхтаваўся да кожнага злачынства: планаваў не толькі спосаб злачынства, але і шляхі магчымага адыходу.

Расследуючы злачынствы, следчыя дапыталі сотні сведак, правялі некалькі дзясяткаў найскладанейшых экспертызаў.

Мужчыну затрымалі, і з яго ўдзелам на месцы забойстваў былі высветленыя акалічнасці забойстваў. Паведамляецца, што забойствы мужчына ўчыніў з карыслівых матываў.

Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў забойстве трох асоб, учыненым з асаблівай жорсткасцю з карыслівых меркаванняў.

Дарэчы, мужчыну можа пагражаць смяротная кара.

Фота — rus.delfi.ee

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі