Вы тут

"Транснафта" вызначылася з кампенсацыяй за "брудную" нафту

Reuters

Расійская кампанія "Транснафта" вырашыла, што будзе плаціць кампенсацыю не больш за 15 долараў за кожны барэль некандыцыйнай нафты, якую пастаўляла ў красавіку. Такое рашэнне было прынятае на пасяджэнні савета дырэктараў кампаніі, якое адбылося 24 ліпеня. Пра гэта паведамляе сайт "Транснафты". 

Пры гэтым было падкрэслена, што грузаадпраўшчыкі павінныя дакументальна пацвердзіць свае маёмасныя страты.

Раней паведамлялася, што ў трубаправод "Дружба" трапіла 4,7 мільёна ​​тон "бруднай" нафты (каля 29 мільёнаў барэляў). Беларускі бок раней называў, што шкода ад "бруднай" нафты склала 155 мільёна долараў. У гэтую суму ўваходзіць і абсталяванне, якое сапсавалася ад няякаснай сыравіны.

Дарэчы, на пасяджэнні 24 ліпеня савет дырэктараў аднагалоснавыбраў старшыню савета. Ім стаў міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак

Больш важных падзей у праграме “Еўразум”