Традыцыйнае шэсце і мітынг на Дзяды прайшлі ў Мінску (фота, відэа)

14.25. Шэсце скончанае. Людзі прыйшлі ва ўрочышча Курапаты. Яны ўскладаюць кветкі на месцы пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і збіраюцца на мітынг.

13.45 Сяржук Бахун і невядомы малады чалавек вызваленыя.

Калона ідзе вуліцай Гамарніка. Удзельнікі шэсця час ад часу выгукваюць лозунгі салідарнасці з Украінай, таксама чуваць песню гурта “Ляпіс Трубяцкой” “Не быць скотам” — яе скандуюць дэманстранты.

13.15 У шэсці ў Курапаты бяруць удзел каля 500 чалавек. Людзі ідуць вуліцай Сядых. Некаторыя жыхары дамоў выглядваюць з вокнаў і брыдкасловяць на адрас удзельнікаў акцыі. Міліцыя да гэтага абыякавая.

12.55 Затрыманы грамадскі актывіст Сяржук Бахун і яшчэ адзін удзельнік шэсця. Адметна, што яны адышлі ад калоны і скіроўваліся ў метро.

Калона працягвае рух па тратуары вуліцы Каліноўскага.

12.25 Калона мінула станцыю метро “Усход” і збочыла на вуліцу Каліноўскага. У дварах дамоў вельмі шмат міліцыянтаў у цывільным, якія пільнуюць за дэманстрантамі, але не ўмешваюцца.

11.50 Сярод удзельнікаў шэсця вядомыя палітыкі — намеснік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч, старшыня “Маладой Беларусі” Артур Фінькевіч, актывіст “Маладога фронту” Мікола Дземідзенка.

11.25 Калона дайшла да станцыі метро “Маскоўская”. Яе суправаджаюць міліцэйскія машыны

11.00 Калона, прыкладна 300 чалавек, рушыла ў бок Курапатаў. На чале Алесь Мазанік.

 

10.40 Каля гадзіннікавага завода сабралася каля 100 чалавек. Сярод прысутных лідары КХП-БНФ, вядомы віцебскі праваабаронца Валерый Шчукін. Людзі трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі.

За акцыяй назіраюць праваабаронцы з Беларускага Хельсінскага камітэта

З 10.30 да 11.00 удзельнікі шэсця збіраюцца на пляцоўцы перад будынкам Мінскага гадзіннікавага завода (пр-т Незалежнасці, 95)

Дэманстрацыя пачнецца ў 11.00 і скончыцца ў 14.30. Удзельнікі шэсця пройдуць тратуарамі па звыклым маршруце:  пр-т Незалежнасці — вул. Каліноўскага — вул. Сядых — вул. Карбышава — вул. Гамарніка — вул. Мірашнічэнкі — Мінская кальцавая дарога

У 14.30 пачнецца мітынг ва ўрочышчы Курапаты і скончыцца ў 17.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі