"Адказнасць вас знойдзе і на дне марскім" — Пазняк пра вандалізм у Курапатах

Курапаты

Курапаты / Euroradio

Лідар руху "Вольная Беларусь" Зянон Пазняк лічыць, што будзе спроба знішчыць народны мемарыял у Курапатах пад Мінскам. Ён пракаментаваў чарговы выпадак вандалізму — нядаўна былі паламаныя вялікія крыжы на Галгофе і на ўваходзе, а таксама апаганены абраз Божай Маці.

"Гэта азначае тое, што пасля прыезду Пуціна пачалася новая кампанія па знішчэнні беларускай памяці, — кажа Пазняк. — Курапаты — гэта вельмі важны помнік для беларускай гісторыі, які сведчыць аб генацыдзе беларускага народа. Але самае важнае тое, што гэта помнік, які выявіў улікі. Бо тое, што было раней, сведчанні архіўныя, сведкаў, гэта тое, што недастаткова для суда. А вось Курапаты выявілі трупы, выявілі сотні тысяч беларусаў, замардаваных расійскімі бальшавікамі. І гэта ёсць сведчанне для суда над расійскай сістэмай. І не толькі над камунізмам, але і расійскім імперыялізмам. І вось таму ўсімі сродкамі зараз акупанты будуць старацца знішчыць Курапаты"

З аднаго боку Зянон Пазняк кажа, што беларусам трэба быць гатовымі да магчымых падзей. Але тут жа заўважае, што "нішто ўжо не можа знішчыць Курапаты". "Што б яны не рабілі, памяць пра Курапаты ўжо знішчана не будзе, — працягвае Пазняк. — Гэта ўжо ведае кожны беларус". Ён папярэджвае, што адказваць будуць і выканаўцы загадаў, і тыя, хто іх аддае. "Адказнасць вас знойдзе і на дне марскім", — дадаў ён, падкрэсліваючы, што яна непазбежная.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі