Сёння пачалі дзейнічаць змены ў Крымінальным кодэксе Беларусі

Сёння пачалі дзейнічаць змены ў Крымінальным кодэксе Беларусі

19 ліпеня набылі моц змены ў Крымінальным кодэксе Беларусі. Некаторыя з іх датычаць прадпрымальнікаў. З КК выключаныя пяць артыкулаў: "Ілжэпрадпрымальніцтва", "Парушэнне парадку адкрыцця рахункаў за межамі Беларусі", "Парушэнне антыманапольнага заканадаўства", "Дыскрэдытацыя дзелавой рэпутацыі канкурэнта", "Перашкода законнай прадпрымальніцкай дзейнасці".

За эканамічныя злачынствы будуць караць ужо інакш. Напрыклад, "буйны памер" шкоды цяпер павялічаны — з 250 да 1000 базавых велічыняў (з 6375 да 25500 рублёў), а "асабліва буйны" — да 2500 базавых велічыняў (да 63 750 рублёў). Калі грамадзяніна ўпершыню судзяць за эканамічнае злачынства і яно "не мае вялікай грамадскай небяспекі", нельга будзе прысудзіць пазбаўленне волі. Праўда, ёсць шэраг выключэнняў — кантрабанда, незаконны экспарт ці адмыванне грошай, інфармуе Радыё Свабода.

З Крымінальнага кодэксу вылючылі канфіскацыю маёмасці, як агульнага віду пакарання (застаецца толькі "спецыяльная канфіскацыя"). Замест яе ўвялі штраф.

Цяпер за паклёп паводле артыкула 188-га КК будуць караць толькі ў тым выпадку, калі паклёп змяшчаў абвінавачанні ў цяжкім ці асабліва цяжкім злачынстве. Яшчэ адна ўмова — калі ён агучаны ў публічным выступе ў сродках масавай інфармацыі ці праз інтэрнэт. Больш падрабязна можна пачытаць тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі