У 2020-м Беларусь будзе купляць расійскую нафту ў 12 разоў танней, чым летась
Пра гэта распавёў журналістам беларускі прэм'ер Сяргей Румас. Прэмію расійскім пастаўшчыкам наша краіна выплочваць не плануе.
Беларусь будзе купляць расійскую нафту па кошце ад чатырох долараў за барэль. Такую лічбу назваў журналістам кіраўнік урада Сяргей Румас у кулуарах Палаты прадстаўнікоў.
Па яго словах, наша краіна плануе атрымаць у красавіку два мільёны тон нафты.
"Што датычыць прэмій, то яшчэ раз магу паўтарыць, як казаў два тыдні таму, што пастаўка гэтай расійскай нафты будзе ажыццяўляцца без прэмій — гэта жорсткая ўстаноўка прэзідэнта аб пакупцы нафты. І ўрад прытрымліваецца гэтага", — падкрэсліў прэм'ер-міністр.
Раней паведамлялася, што кампанія "Транснафта" атрымала ад расійскіх пастаўшчыкоў заяўкі на транспартаванне ў Беларусь у красавіку 1 мільёна тон сыравіны.
$4 за барэль ($29,3 за тону) — гэта ў 12 разоў танней, чым цана, па якой Беларусь купляла расійскую нафту ў 2019 годзе. Як вынікае з дадзеных Белстата, у мінулым годзе сярэдняя цана імпартаванай Беларуссю нафты складала каля $364 за тону, а барэль каштаваў каля $49,6. У 2019 годзе ўсе 18 млн тон нафты прыбылі ў Беларусь з Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.