Вы тут

Сябар Лукашэнкі Гуцарыеў з-за санкцый можа сутыкнуцца з нечаканай праблемай

Міхаіл Гуцарыеў і Аляксандр Лукашэнка закладваюць капсулу на месцы будаўніцтва камбіната ў Любані ў 2015 годзе / БЕЛТА

Бізнесмен Міхаіл Гуцарыеў з-за беларускіх санкцый ЕС можа страціць дадатковы даход, які ён меў за трасляцыю ў краінах Еўрасаюза хітоў на яго тэксты. Гуцарыеў не толькі бізнесмен, але і паспяховы паэт-песеннік. Ён аўтар тэкстаў больш чым для 300 песень. Хіты на яго тэксты ёсць у рэпертуары у тым ліку Алы Пугачовай, Рыгора Лепса і Мікалая Баскава.

У панядзелак, 21 чэрвеня, Савет міністраў замежных спраў ЕС зацвердзіў 4-ы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі. Абмежавальныя меры прынятыя ў дачыненні да 8 юрыдычны і 78 фізічных асоб. Сярод фізічных асоб, якім з гэтага часу забаронены ўезд і дзелавая актыўнасць у краінах ЕС, ёсць і Міхаіл Гуцарыеў.

Журналісты РБК паспрабавалі высветліць у праграмнага дырэктара "Русского радио" на Кіпры Яны Собалевай, ці будуць цяпер песні на вершы Гуцарыева ў эфіры станцыі. Собалева не змагла адказаць на гэта пытанне.

Спецыяліст у санкцыйным праве Сяргей Гландзін патлумачыў, што калі ў Гуцарыева як паэта-песенніка ёсць дамова з нейкай арганізацыяй у ЕС, якая спецыялізуецца на выплатах аўтарам роялці за выкарыстанне іх песень, то гэта юрыдычная асоба не зможа пералічваць грошы Гуцарыеву.

"Арганізацыя павінна будзе замарозіць сродкі, прызначаныя Гуцарыеву, у сябе на спецыяльным дэпазітным рахунку", — растлумачыў Гландзін.

Гуцарыеў трапіў у беларускі "чорны спіс" ЕС, як бізнесмен, які мае інтарэсы ў Беларусі і падтрымлівае рэжым.

У абгрунтаванні рашэння гаварылася, што Гуцарыеў — "даўні сябар" Аляксандра Лукашэнкі, і гэта дазволіла бізнесмену "назапасіць значны капітал і ўплыў сярод палітычнай эліты Беларусі". У дакуменце таксама пералічаны шэраг праектаў, якія рэалізаваў і рэалізуе Гуцарыеў у Беларусі: ад паставак нафты да горна-абагачальнага камбіната пад Любанню.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.