Свабодны тэатр, які быў намінаваны на Olivier Awards, саступіў узнагароду

Беларускі тэатр быў намінаваны ў катэгорыі "Выбітныя дасягненні ў оперным мастацтве"

Беларускі тэатр быў намінаваны ў катэгорыі "Выбітныя дасягненні ў оперным мастацтве" / @officiallondontheatre

У лонданскім Royal Albert Hall прайшла цырымонія ўзнагароджання адной з самых вядомых тэатральных прэмій свету — Olivier Awards. На прэмію ў катэгорыі "выдатныя дасягненні ў оперным мастацтве" быў намінаваны беларускі Свабодны тэатр. Ён быў вылучаны за пастаноўку "Дзікае паляванне караля Стаха" паводле рамана Уладзіміра Караткевіча. У выніку ўзнагароду атрымаў музычны кіраўнік Лонданскай каралеўская оперы (тэатр Ковент-Гардэн) Антонія Папана. Яго адзначылі за шматгадовае кіраўніцтва трупай.

"За апошнія 22 гады Royal Opera House стаў маім домам і маім сэрцам," — звярнуўся да прысутных праз калег Папана. У яго не атрымалася прысутнічаць на цырымоніі. Трэцім намінантам у гэтай катэгорыі была Марына Абрамовіч з яе канцэпцыяй спектакля "7 смерцяў Марыі Калас".

Нагадаем, што прэм'ера оперы "Дзікае паляванне караля Стаха" адбылася ў мінулым верасні на сцэне лонданскага тэатра Barbican. Музыку да спектакля напісала кампазітар Вольга Падгайская, лібрэта стварылі Мікалай Халезін і Андрэй Хадановіч. Халезін разам з Наталляй Калядой выступілі і ў ролі рэжысёраў.

Узнагароды Olivier Awards сёлета ўручалі ў 26 катэгорыях. Паглядзець трансляцыю прэміі можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі