Сузаснавальнік студыі ZROBIM architects расказаў пра чатыры месяцы ў СІЗА
Андрэй Макоўскі / падкаст "АрхитектурНО"
За чатыры месяцы ў следчым ізалятары сузаснавальнік архітэктурнай студыі ZROBIM architects Андрэй Макоўскі (Андрусь Bezdar) намаляваў партрэты сукамернікаў і архітэктурныя скетчы, навучыўся гуляць у шахматы, падцягнуў англійскую мову і напісаў кнігу. Пра гэта ён расказаў у падкасце "АрхитектурНО".
У камеры архітэктар прачытаў восем кніг, а таксама сам напісаў адну кнігу. Цяпер шукае выдаўца. Макоўскі кажа, што ў СІЗА займаўся ёгай, адціскаўся, хадзіў па камеры, сачыў за сваім харчаваннем: "Такім чынам на 10 кг схуднеў".
За час яго зняволення кампанію ZROBIM architects пакінулі 30% супрацоўнікаў. Аднак гэта яго не засмучае: "Я падумаў: "Крута, 70% засталося". Гэта ж вельмі шмат. Наогул клас. Гэта як патрэсці яблыню: тое, што ўпала, яно б і так упала. Яны ўжо саспелі да сыходу, калі сышлі".
Вядоўца падкаста паведаміў, што ў першыя дні былі затрыманыя каля 50 супрацоўнікаў архітэктурнай студыі. Макоўскі ўзяў усю адказнасць на сябе і заявіў, што адчуваў персанальную адказнасць за гэтых людзей.
Ператрус у студыі ZROBIM architects адбыўся 9 красавіка. Падчас яго затрымалі Андрэя Макоўскага. Гэта адбылося пасля таго, як ён высмеяў у сацсетках жаданне навязаць дзяржаўнага ідэолага ў штат прыватнай кампаніі. Пазней прадстаўнікі Дэпартамента фінансавай разведкі КДК абвінавацілі кіраўнікоў архітэктурнай студыі ва ўхіленні ад аплаты падаткаў.
На пачатку жніўня Макоўскі апублікаваў відэа пасля выхаду на волю. Ён заявіў, што кампанія прызнала сваю віну і кампенсавала шкоду. Таксама прадпрымальнік сказаў, што плануе заставацца ў Беларусі і развіваць сваю справу далей.