Сутычкі ў Казахстане. Што вядома на дадзены момант (фота, відэа)
![Сутычкі ў Казахстане. Што вядома на дадзены момант (фота, відэа)](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/polnoekrannaya_zapis_06.06.2016_120607.jpg.webp?itok=9LmwO-YP)
У казахстанскім горадзе Актабэ на поўначы краіны, непадалёк ад мяжы з Расіяй уведзенае надзвычайнае становішча: не працуюць гандлёвыя пункты і грамадскі транспарт.
Інфармацыя аб узброеных сутычках у Актабэ з'явілася ў нядзелю, 5 чэрвеня. Яна дагэтуль неадназначная і няпоўная. Міністэрства ўнутраных спраў інфармуе аб падзеях вельмі абмежавана.
Што вядома
У нядзелю ў 14.30 некалькі чалавек напалі на краму са зброяй ў горадзе Актабэ. Яны забілі прадаўца і ахоўніка, а таксама паранілі траіх паліцэйскіх, якія прыбылі на месца перастрэлкі. Пасля гэтага нападнікі паехалі ў яшчэ адну краму са зброяй, якую таксама абрабавалі. Далей падзеі развіваліся яшчэ больш імкліва і незразумела. Узброеныя людзі захапілі аўтобус, пратаранілі ім браму вайсковай часткі і пачалі расстрэльваць салдат. Далейшы лёс злачынцаў пакуль незразумелы. Вядома, што ў страляніне на тэрыторыі часткі загінула "некалькі чалавек". Інфармацыйныя рэсурсы Казахстана дублююць паведамленні МУС, інфармацыі ад відавочцаў няма. Жыхарам горада не рэкамендавалі выходзіць на вуліцы. У Актабэ аб'яўлена аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі.
![Сутычкі ў Казахстане. Што вядома на дадзены момант (фота, відэа)](/sites/default/files/paragraphs/image/polnoekrannayazapis06062016120602.jpg)
Што пакуль невядома
Хто нападнікі. Афіцыйна паведамляецца, што яны належаць да "радыкальных нетрадыцыйных рэлігійных плыняў". Неафіцыйна гаворыцца пра тое, што тэрарысты належаць да групы, звязанай з так званай "Ісламскай дзяржавай". Ёсць таксама версія, што гэта прарасійскія сепаратысты. Невядома таксама, колькі чалавек ужо загінула ад дзеянняў тэрарыстаў. Афіцыйна пацверджаная смерць як мінімум дзвюх грамадзянскіх асобаў (прадаўца і ахоўніка з першай абрабаванай злачынцамі крамы). Раніцай панядзелка 6 чэрвеня з'явіліся афіцыйныя паведамленні аб ліквідацыі як мінімум 5 тэрарыстаў. Невядома таксама, колькі чалавек было паранена падчас перастрэлак. Аднак іх колькасць ідзе на дзясяткі — толькі на тэрыторыі вайсковай часткі тэрарысты змаглі параніць 13 вайскоўцаў.
![Сутычкі ў Казахстане. Што вядома на дадзены момант (фота, відэа)](/sites/default/files/paragraphs/image/aktobe-strelba.gif)
Наколькі рэальная версія аб прарасійскіх сепаратыстах?
На карысць гэтай версіі гаворыць тое, што сучасны Актабэ — адзін з найбольш "рускіх" вялікіх гарадоў Казахстана. Былы Акцюбінск (горад перайменавалі пасля атрымання Казахстанам незалежнасці) — адзін з самых вялікіх гарадоў краіны (амаль 400 тысяч насельніцтва), пры гэтым лагістычна ён нашмат больш цесна звязаны з гарадамі Расіі, чым Казахстана. Таксама тут размешчаныя нафтавыя радовішчы, колькасць насельніцтва, якое афіцыйна называе сябе рускімі, — больш за 16%.
Версію аб прарасійскіх сепаратыстах актыўна абмяркоўваць украінскія СМІ. У той жа час медыя Казахстана пакуль не выкарыстоўваюць такіх тэрмінаў. Расійскія сродкі масавай інфармацыі дублююць паведамленні казахскіх калег.
Фота з сацыяльных сетак.