Суткі 30 чэрвеня будуць на 1 секунду даўжэйшымі

Дзень 30 чэрвеня 2015 года будзе цягнуцца не 86400 секунд, а на адну секунду даўжэй. Гэта звязана з тым, што ў гэтым годзе зноў надышла неабходнасць сінхранізаваць сусветны каардынаваны час (UTC) і ўніверсальны час (UT1). Гэта неабходнасць узнікае праз тое, што вярчэнне Зямлі запавольваецца і адбываецца назапашванне “лішняй” секунды, паведамляецца на сайце NASA.

Сусветны каардынаваны час, або UTC (Coordinated Universal Time), — гэта стандарт часу, па якім жыве ўвесь свет. Згодна з ім, суткі на нашай планеце цягнуцца 86 400 секунд. Аднак астраномы сцвярджаюць, што насамрэч у апошні раз зямныя суткі доўжыліся такую колькасць часу прыкладна ў 1820 годзе. Дэніэл Макмілан, спецыяліст з NASA, адзначае: “Хуткасць вярчэння Зямлі паступова запавольваецца, і менавіта з-за гэтага назапашваюцца лішнія секунды”. На цяперашні час суткі на нашай планеце доўжацца 86 400,002 секунды. Гэты факт знаходзіць адлюстраванне ва ўніверсальным часе UT1.

UT1 — гэта час, які вылічваецца прапарцыйна вуглу вярчэння Зямлі адносна квазараў, адных з самых яркіх аб’ектаў у бачным Сусвеце. Для таго каб сінхранізаваць час UT1 і час UTC, “лішняя секунда”, што паступова назапашваецца дадаецца да 30 чэрвеня або 31 снежня. Упершыню гэта было зроблена 30 чэрвеня 1972, калі значэнне часу 23:59:59 змянілася лічбамі 23:59:60, і толькі затым пачаўся новы дзень, перадае gazeta.ru.

Фота: tainy.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі