Сусветны банк перавёў усе крэдыты Беларусі ў статус неабслугоўваных

Улады Беларусі вырашылі плаціць па крэдытах у беларускіх рублях, але крэдыторам яны не патрэбны / Еўрарадыё

Сусветны банк з 17 кастрычніка перавёў усе крэдыты Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, прадастаўленыя Беларусі альбо гарантаваныя ёй, у статус неабслугоўваных. Прычынай называюцца пратэрміноўкі беларускім бокам плацяжоў (больш чым на шэсць месяцаў) на суму, эквівалентную $68,43 млн. Агулам РБ запазычылася Міжнароднаму банку рэканструкцыі і развіцця $967 млн (гэта 0,42% ад агульнай колькасці яго непагашаных крэдытаў).

Прэс-служба Сусветнага банка адзначае, што "у выніку пераводу беларускіх крэдытаў у статус неабслугоўваных для МБРР даходы павялічваюцца прыкладна на 12,75 млн долараў ЗША ў эквіваленце".

Яшчэ вясной 2022-га ўлады Беларусі вырашылі, што "будуць выконваць абавязальніцтвы перад асобнымі замежнымі крэдыторамі ў беларускіх рублях". Адзначалася, што гэта "вымушаная мера" ва ўмовах заходніх санкцый. Некаторыя эксперты адразу ж назвалі рашэнне ўладаў РБ шляхам да дэфолту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.