Вы тут

Суды над удзельнікамі канцэрта РСП — 660 сутак і 13 050 рублёў на ўсіх

Канцэрт РСП / Еўрарадыё

У Жодзінскім ІЧУ закончыліся суды над 59 затрыманымі на канцэрце гурта "Разбітае Сэрца Пацана". Як паведамляе ТГ-канал "Вясна назірае", суддзі прысудзілі 660 сутак і 13 050 рублёў штрафу на ўсіх.

Суддзі выносілі максімальнае пакаранне ўсім затрыманым — 15 сутак або 30 базавых велічыняў (на сёння гэта 870 рублёў). У выніку 44 чалавекі будуць адбываць арышт, а 15 чалавек былі аштрафаваныя.

Як адзначаюць праваабаронцы, затрыманымі на канцэрце былі цэлыя сем'і. Напрыклад, трое членаў сям'і Грыгаровічаў атрымалі па 15 сутак. Аляксей і Дар'я Аляксеевы сустрэнуцца толькі праз 15 сутак, як і Таццяна ды Іван Котавы. А ў сям'і Пяхотаў дзве жанчыны атрымалі штраф па 30 базавых, а два мужчыны — па 15 сутак.

Усе музыкі РСП былі асуджаныя на 15 сутак.

Агулам за канцэрт удзельнікі атрымалі 660 сутак (1 год і 8 месяцаў) арышту і 13 050 рублёў штрафу.

Канцэрт гуртоў "Разбітае Сэрца Пацана", Panska Moc і Ok-Band адбываўся ўвечары 13 лютага на турбазе пад Смалявічамі. АМАП затрымаў усіх удзельнікаў і гледачоў канцэрта — 68 чалавек. Некаторых адпусцілі амаль адразу. Прэс-служба МУС заявіла, што на турбазе праходзіў збор актывістаў дэструктыўных тэлеграм-каналаў "пад выглядам канцэрта".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.