Суд пакінуў у сіле прысуд Вользе Класкоўскай — яна вяртаецца ў калонію

Вольга Класкоўская / Фота праваабаронцаў

Прысуд палітзняволенай Вользе Класкоўскай пакінулі ў сіле, яна вяртаецца ў гомельскую калонію, паведамляюць праваабаронцы.

Яе судзілі двойчы: спярша за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе (суд адбыўся год таму), а ў студзені 2022 — за каментар у адрас брэсцкага міліцыянера. За "абразу прадстаўніка ўлады" Вользе прысудзілі 1,5 гады "хатняй хіміі". Гэты прысуд і спрабавала аспрэчыць абарона. Такім чынам, з улікам двух прысудаў Вольга павінная правесці ў зняволенні 2,5 года.

"Вольга трымаецца бадзёра, адпаведна выглядае і просіць за яе не хвалявацца, берагчы сваё здароўе", — кажа яе маці Людміла. Яна атрымала магчымасць пабачыцца дачкой. Размаўлялі праз шкло па тэлефоне на працягу гадзіны. Вольга таксама прасіла маці падзякаваць людзям, якія пішуць палітзняволеным, расказвала пра Наталлю Херше. Яны разам некаторы час былі ў гомельскай калоніі.

Паводле слоў маці, Вольга рада, што "гэтая мужная, стойкая і выдатная жанчына цяпер на волі".

Наталля Херше — грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання. У снежні 2020-га яе асудзілі ў Мінску на 2,5 гады калоніі строгага рэжыму за супраціў міліцыянеру падчас вулічнай акцыі: на адным з жаночых маршаў яна сарвала балаклаву з амапаўца. У судзе Херше не прызнала віны. У калоніі адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні. Дзякуючы намаганням уладаў Швейцарыі ў лютым 2022 года Хершэ была вызваленая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.