Суд над "змоўшчыкамі": Зянковіч планаваў стварыць "партыю візіянераў"

Юрась Зянковіч планаваў стварыць у Беларусі "партыю візінераў". Паведамленне пра гэта прагучала на судзе па "справе змоўшчыкаў" 4 жніўня, перадаюць праваабаронцы "Вясны".

Суд па справе "змовы з мэтай захопу ўлады" працягваецца ў судзе Мінскага раёна. Сёння давалі паказанні сведкі.

Паказанні даваў муж абвінавачанай Вольгі Галубовіч — ён грамадзянін Малдовы, але жыве і працуе ў Беларусі. Ён расказаў, што жонка атрымлівала і перадавала грошы ад Юрыя Зянковіча. Частка гэтых грошай, як выявіла следства, ішла на аплату штрафаў пратэстоўцаў. За свае паслугі Галубовіч атрымлівала штомесяц 200 долараў. Грошы яна хавала ў выглядзе "закладак".

Муж Галубовіч паведаміў суду, што чуў, быццам Зянковіч планаваў ствараць у Беларусі "партыю візіянераў".

Абарона Аляксандра Фядуты выклікала ў залу філосафа, экс-дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Вольгу Абрамаву. Яна заявіла, што ведае Фядуту з 1993 года. Паводле яе словаў, Фядута ўжо тады выказваўся за мірныя рэформы.

"Ён чалавек тонкай душэўнай арганізацыі і старамоднага этыкету. Ён заўсёды пры сустрэчах з жанчынамі цалаваў ім ручкі", — расказала на судзе Абрамава.

Яна заявіла, што Фядута не быў радыкалам і не імкнуўся да ўлады, назвала яго чалавекам прынцыпаў. 

Адказваючы на пытанне пракурора, Абрамава сказала, што на яе думку Фядута ніколі не помсціў за свой сыход з Адміністрацыі прэзідэнта ў сярэдзіне 90-х. Яна сказала, што была ў шоку, калі яго затрымалі. Экс-дэпутатка выказала меркаванне, што ў змову яго ўцягнуў Дзмітрый Шчыгельскі, які хацеў выкарыстаць інтэлект Фядуты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.