Суд над Сяргеем Ціханоўскім не будзе хуткім — адвакатка

Сяргей Ціханоўскі ў зняволенні з траўня 2020 года​ / Svaboda.org
Сяргей Ціханоўскі ў зняволенні з траўня 2020 года​ / Svaboda.org

Судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім абяцае быць працяглым. Ён доўжыцца ўжо дзесяць з паловай тыдняў і "скончыцца, як відаць, няхутка", напісала ў Twitter адвакатка Наталля Мацкевіч.

Тым не менш сілы змагацца ў абароны ёсць.

"У гэтым пакоі СІЗА-3 выпрацоўваецца столькі энергіі, што можна б падключыць невялікую электрастанцыю і генераваць святло", — напісала адвакатка.

Напярэдадні стала вядома, што маці Сяргея Ціханоўскага адмовілі ў спатканні з сынам. Пра гэта ў сваім телеграм-канале распавяла Святлана Ціханоўская. Паводле яе слоў, Сяргей чытае ў зняволенні працы Гандзі, адну з фраз індыйскага палітыка ён цытаваў адвакатцы: "Спачатку яны цябе не заўважаюць, потым смяюцца з цябе, затым змагаюцца з табой. А потым ты перамагаеш".

"Я слухаю словы мужа і думаю: мы, беларусы, сапраўды павінны часцей сабе нагадваць, як нас спачатку не заўважалі, затым смяяліся з нас, як цяпер з намі змагаюцца ўжо больш за год — і што ў рэшце рэшт мы абавязкова пераможам", — адзначыла Святлана Ціханоўская.

Суд над Сяргеем Ціханоўскім, а таксама Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым пачаўся 24 чэрвеня ў Гомелі. Працэс зрабілі закрытым. Ён праходзіць у будынку СІЗА. Фігурантаў гэтай справы абвінавачваюць у арганізацыі "масавых беспарадкаў" у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м. Усе яны былі затрыманыя яшчэ да выбараў. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі