Суд над Кондрусем: КДБ знайшло яго па пастах у сацсетках

Суд над Кондрусем: КДБ знайшло яго па пастах у сацсетках

На судзе над палітвязнем Уладзімірам Кондрусем абвяшчаюць матэрыялы справы.

Паведамляецца, што супрацоўнікі КДБ высветлілі датычнасць Кондруся да падзеяў Плошчы-2010 дзякуючы пастам у сацсетках "Фэйсбук" і "Вконтакте". Скрыншоты са старонак груп у гэтых сацсетках ёсць у матэрыялах справы.

Раней паведамлялася, што спецслужбы выйшлі на актывіста пасля публікацыі ў "Нашай Ніве": журналісты назвалі Кондруся правакатарам, апазнаўшы яго на некалькіх апазіцыйных акцыях.

Па словах пракурора, у матэрыялах справы таксама ёсць некалькі відэазапісаў. На іх бачна, як увечары 19 снежня 2010 года Уладзімір Кондрусь біў шыбы ў Доме ўраду, а таксама спрабаваў адабраць шчыт у міліцыянта. Пракурор заяўляе, што на запісах добра бачны твар Кондруся.
Падчас ператрусу дома ў Кондруся пасля яго затрымання знайшлі куртку, у якой ён нібыта быў на плошчы Незалежнасці вечарам 19 снежня 2010 года.

У матэрыялах справы, як паведаміла пракурор, ёсць фрагменты асабістай перапіскі Кондруся ў скайпе і асьцы. Згодна з імі, мужчына мэтанакіравана збіраўся ехаць на Плошчу за некалькі дзён да выбараў. Асабістая перапіска трапіла ў матэрыялы справы з канфіскаванага камп'ютара і тэлефона.

Уладзіміра Кондруся судзяць па абвінавачанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках падчас Плошчы-2010. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Кондрусь адмовіўся заходзіць у залу суда і клетку, дез трымаюць падсудных, таму працэс адбываецца без яго.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі