Стваральнікі MSQRD прэзентавалі свой дадатак з дапамогай маскі Лукашэнкі (відэа)

Стваральнікі MSQRD прэзентавалі свой дадатак з дапамогай маскі Лукашэнкі (відэа)

27-29 лістапада 2015 года ў Мінску праходзіць хакатон (форум распрацоўшчыкаў праграм) Garage48. У яго межах цягам 48 гадзін таленавітыя ІТ-распрацоўшчыкі ды вэб-дызайнеры ператвараюць свае ідэі, над якімі працуюць некалькі гадоў, у праграмы. Лепшай з іх становіцца MSQRD — бясплатны мабільны дадатак ад маладой беларускай кампаніі Masquerade Technologies, які распазнае твар і накладае эфекты кшталту макіяжу, барады ці розных эмоцый. За месяц дадатак набірае першы мільён карыстальнікаў. А 9 сакавіка, калі ў MSQRD ужо 16 мільёнаў юзераў, дадатак набывае кампанія Facebook. Неверагодны поспех для беларусаў.

Стваральнікі MSQRD прэзентавалі свой дадатак з дапамогай маскі Лукашэнкі (відэа)

"MSQRD добра заточаны пад інтэрактыў. У іншых падобных дадатках варта табе толькі адкрыць рот, як ты губляеш кантроль над маскай — пачынае прайгравацца загадзя запісаная анімацыя. А мы дынамічна падладжваем усе эфекты пад рух: пад павароты галавы, міміку, грымасы. Гэта дае дадатковую ступень свабоды, можна не проста запісваць ролікі, а граць ролю, укладаць у відэа нейкую гісторыю. Думаю, такі моцны віртуальны эфект выйшаў за кошт гэтага",тлумачыць поспех дастасавання ў лютаўскім інтэрв'ю kyky.org адзін з распрацоўшчыкаў MSQRD Сяргей Ганчар.

А адзін са стваральнікаў Garage48 Рагнар Саас расказвае Еўрарадыё, што каманда MSQRD адразу звярнула на сябе ўвагу, тым больш яе лідар, Яўген Няўгень, які ўжо быў заўважаны па розных іншых праектах. Раскруціцца за тры месяцы да здзелкі з Facebook — гэта ўнікальны выпадак, кажа Рагнар Саас:

“Адразу было бачна, што каманда мае вялікі патэнцыял. Але немагчыма было ўявіць, дзе яны будуць праз два-тры месяцы. Падобны праект Looksery, які распрацавалі адэсіты год таму, быў прададзены за 150 мільёнаў долараў, таму мы разумелі, што ёсць рынак для гэтага. Увогуле, у Беларусі вельмі шмат таленавітых праграмістаў з вялікім патэнцыялам, але такі поспех, якога дасягнуў MSQRD, — рэдкасць. Я не памятаю, каб за тры месяцы некаму ўдавалася так раскруціцца. Нават у “Сіліконавай даліне” гэта амаль немагчыма. Skype, YouTube спатрэбілася год-два, а тры месяцы — гэта проста нерэальна”.

Падчас хакатона распрацоўшчыкі MSQRD прадставілі свой дадатак з дапамогай твару ў масцы… Лукашэнкі. Карыстальнікі могуць на сябе прымераць таксама маскі Барака Абамы, кандыдатаў у прэзідэнты ЗША Дональда Трампа і Берні Сандэрса, акцёра Леанарда Дзі Капрыа, рэпера Снуп Дога і іншых зорак.

Распрацоўшчыкі MSQRD Яўген Няўгень, Сяргей Ганчар і Яўген Зацяпякін нядаўна з'ехалі ў Сан-Францыска. У хуткім часе яны пяройдуць на працу ў лонданскі офіс Facebook. Дагэтуль хлопцы шчыльна супрацоўнічалі з беларускім стартап-акселератам Imaguru, які, уласна, і праводзіць хакатоны ў Беларусі. Адна з яго заснавальніц Анастасія Хамянкова кажа, што для трыумфу беларускага стартапа былі добрыя перадумовы.

"Сімбіёз таленавітых тэхнічных спецыялістаў, таленавітых прадпрымальнікаў, канцэнтрацыя над прадуктам падчас хакатона, кантакты, замілаванасць сваім прадуктам і замілаванасць іншымі іх дадаткамі, — раскрывае сакрэт поспеху Анастасія.Тут ёсць і добрае тэхнічнае рашэнне і адчуванні, якія прыносіць прадукт. Да таго ж, яны малайцы, што прыдумалі маскі, звязаныя з сусветнымі падзеямі кшталту “Оскара” і што ўлічваюць тое, чым жыве аўдыторыя ў сацыяльных сетках”.

Па словах Анастасіі, Беларусь можа смела ганарыцца ўдалымі стартапамі. Напрыклад, з кожнага хакатона, які праводзіць Imaguru, застаюцца 2-3 праекты, якія развіваюцца далей. Сярод тых, што ўжо нарабілі шуму і пра якія мы хутка пачуем, — Kino-mo, maps.me, pandadoc.com, alta.by і іншыя. Дарэчы, Masquerade Technologies пасля далучэння да Facebook працягне развіваць дадатак MSQRD. Да таго ж, апроч масак, у ім з’явяцца новыя функцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі