Студэнтка “на бульбе”: Нават манікюр цэлы застаўся!

“Адкасіць можна, калі атрымаецца, а так, з гэтым строга. Ніхто не прымушае, але пажадана на бульбу паехаць. Мне дык спадабалася. З выкладчыкамі можна пазнаёміцца”, — расказвае Еўрарадыё студэнтка Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта Ксенія.

Сёлета яна два тыдні дапамагала збіраць карняплоды ад універсітэта. Каб не паехаць на бульбу бяруць даведку ў лекара, але могуць і проста прагуляць, дадае студэнтка. Платнікам прасцей, едуць дабравольна. А вось зарабіць можна не шмат, крыху больш за 100 тысяч, па падліках Ксеніі. Два гады таму за бульбу плацілі каля 20 тысяч рублёў.

“Нам выдавалі там пальчаткі, таму манікюр цэлы застаўся. Мы былі два тыдні. Пакуль не плацілі. Яны там вылічваюць, хто колькі набраў, узважваюць. Даведкі, каб вызваліцца, у мяне не было, таму паехала. Нас вазілі кожны дзень у пасёлак пад Віцебскам, пасля прывозілі назад”, — прыгадвае студэнтка Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта Валянціна. Сёлета яна “б’ецца за ўраджай” упершыню.

350 чалавек штодня ездзяць прыбіраць бульбу ад віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Прыбіраюць у двух гаспадарках: “Рудакова” і “Адраджэнне”.

“Непаўналетніх мы не пасылаем. Едуць толькі паўналетнія, з другога курса. Выпускнікоў таксама намагаемся не пасылаць. Платнікі таксама едуць. Два тыдні едуць адны патокі, пасля едуць іншыя, каб не адрываць ад вучобы”, — расказваюць у адміністрацыі гэтай ВНУ.

І дадаюць, што збіраць ураджай нікога не прымушаюць.

“Цяпер па нарматыўнай базе краіны яны едуць дабравольна. Нічога нельга зрабіць, калі студэнт не паедзе, так што цяпер ніяк не прымусіш”, — гавораць у адміністрацыі віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта. А тыя, хто не едзе, працуюць ва ўніверсітэце ці на тэрыторыі.

Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова пасылае на бульбу 200 чалавек, адпрацоўваюць на дажынках па два тыдні.

“Хтосьці едзе з ахвотай, нехта без ахвоты, нехта наогул ніяк. Дзеці ж розныя”, — каротка адказваюць у гэтым універсітэце.

А вось, каб мінскіх студэнтаў вазілі ў “поле”, Еўрарадыё не прыгадвае.

Фота: vmdaily.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі