Вы тут

Студэнта БДУІР, асуджанага шэсць разоў, праваабаронцы прызналі палітвязнем

Ян Салановіч / TUT.by

Правабаронцы прызналі палітвязнем студэнта-чацвертакурсніка БДУІР Яна Салановіча.

Хлопца затрымалі 1 лістапада на маршы ў Курапаты. Над ім прайшлі ажно шэсць судоў, якія асудзілі яго на 86 сутак арышту. Па словах маці, пад ціскам Салановіч прызнаўся ў 15 эпізодах удзелу ў мірных акцыях, пачынаючы са жніўня 2020-га. Ёсць асцярогі, што хлопцу могуць прысудзіць і большыя тэрміны.

Правабаронцы лічаць практыку ў некалькі адміністрацыйных арыштаў запар заганнай і палітычна матываванай. На іх думку, яна выкарыстоўваецца дзеля ціску і пакарання за грамадскую актыўнасць. Яны падкрэсліваюць, што па сваёй працягласці пакаранне Яна Салановіча адпавядае арышту ў рамках Крымінальнага кодэкса.

"Заключэнне Яна Салановіча выкарыстана выключна ў сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў, выказвання меркаванняў і распаўсюджвання інфармацыі, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека — Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці", — гаворыцца ў заяве, якую публікуе праваабарончы сайт "Вясна".

Праваабаронцы патрабуюць адмяніць прысуды Салановічу, спыніць пачатыя на яго адміністрацыйныя справы, а таксама спыніць рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных сходаў і вызваліць усіх адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел у іх.

Дакумент падпісалі праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Х'юман Канстанта”, Беларускі ПЭН-цэнтр, РГА "Прававая ініцыятыва”, Беларускі Дакументацыйны цэнтр, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", простае таварыства "Ініцыятыва FORB", ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

Салановіч стаў 146-м палітвязнем у Беларусі на сёння. Поўны спіс можна пабачыць тут

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.