Вы тут

Старонка "Таракашка Ус" з "Аднакласнікаў" прызнаная экстрэмісцкай

Профіль карыстальніка "Таракашка Ус" у "Аднакласніках" павінен быць заблакаваны

Беларускія суды знаходзяць экстрэмізм ужо і ў "Аднакласніках". Экстрэмісцкімі матэрыяламі прызналі змест профілю аднаго з карыстальнікаў гэтай сацсеткі. Профіль называўся "Таракашка Ус". Ён ужо ўнесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які размешчаны на сайце Міністэрства юстыцыі. 

Рашэнне па справе вынес суд Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Аб працэсе нават расказала мясцовая раённая газета "Дняпроўская праўда".

Суд адбыўся яшчэ 27 кастрычніка. На ім было агучанае экспертнае заключэнне. Эксперты палічылі, што публікацыі "Таракашки Уса" ўтрымліваюць "прыкметы дзейнасці, накіраванай на садзейнічанне ажыццяўленню экстрэмісцкай дзейнасці, распальванню варожасці ў дачыненні да пэўных сацыяльных груп" (сілавікоў, суддзяў, дзяржаўных службоўцаў і педагогаў). І гэта толькі частка высноў экспертаў, на аснове якіх суд выносіў рашэнне.

Цяпер профіль карыстальніка "Таракашка Ус" павінен быць заблакаваны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.