The Stampletons "The Saddest Comedy"

Мінчукі The Stampletons выдалі выдатны альбом. "The Saddest Comedy" — абсалютна шчырая праца, якая дазваляе адарвацца ад рэчаіснасці і падацца ў рамантычную вандроўку на старэнькім аўто. Можна і ў 60-я: тут, уласна, накірунак не прынцыповы.


Аднойчы паспрабаваўшы сябе ў а-ля-бітлоўскім амплуа, The Stampletons паглыбіліся ў плынь. Адмовіліся ад празмернай правільнасці, імкнення быць падобнымі да герояў 60-х і, у выніку, разняволіліся. Што, безумоўна, пайшло цалкам на карысць і музыцы, і яе падачы, і яе ўспрыняццю.


У "The Saddest Comedy" "Стэмплтонсы" уражваюць відавочным пачуццём стылю, уменнем ствараць проста і з густам мелодыі на ўжо тысячу разоў прааранай глебе, і нейкай пафігістычнай падачай. Нібыта пісаць, ствараць, граць такую музыку ўдзельнікам The Stampletons лёгка так жа, як катацца на арэлях. Нібыта ўсе прыёмчыкі, якія патрэбныя для сачынення такіх песень, ім вядомыя гадоў 50!


The Stampletons наўмысна пазбягаюць вострых вуглоў медытуючы на зададзеную тэму. Ды і вуглы тут зусім не патрэбныя. Манатоннасць у "The Saddest Comedy" чаруючая. Яна не надакучвае. Яна практычна прасвятляе і пакідае прыемны ўспамін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі