Вы тут

Галоўныя запыты беларусаў у пошуку Google

pixabay.com

Сталі вядомыя галоўныя запыты беларусаў у пошуку Google ў 2019 годзе. Яны падзелены на шэсць раздзелаў: самыя папулярныя запыты, персоны, фільмы, серыялы, ТБ-шоу і пакупкі. Сярод папулярных запытаў найчасцей шукалі звесткі пра расійскую спявачку і тэлевядучую Юлію Началаву, якая заўчасна памерла сёлета вясной. Беларусаў таксама цікавілі Анастасія Заваратнюк, восьмы сезон серыяла "Гульня тронаў", міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2019", украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, расійскі рэп-выканаўца Дэцл, сайт, на якім можна было прайсці перапіс насельніцтва Беларусі, серыялы "ІП Пірагова" і "Чарнобыль", "Еўрапейскія гульні", якія летам прайшлі ў Мінску.

У спісе запытаў пра персоны лідзіруюць усё тыя ж Началава, Заваратнюк, Зяленскі і Дэцл, далей — памерлая ў жніўні расійская бізнес-ледзі Ала Вербер, музыка Ціма Беларускіх, расійскі прадзюсар Бары Алібасаў, беларуская тэнісістка Арына Сабаленка, амерыканская спявачка Білі Айліш, расійская актрыса Ірына Цывіна.

Сярод папулярных запытаў пра фільмы лідзіруюць "Мсціўцы. Фінал", "Джокер" і "Аднойчы ў Галівудзе". Далей ідуць "Паліцэйскі з Рублёўкі. Навагодняе бязмежжа", "Яно 2", "Кароль Леў", "Капітан Марвел", "Як прыручыць цмока 3", "Зялёная кніга", "Аквамен".

Найчасцей беларусы шукалі звесткі пра серыял "Гульня тронаў". У першую тройку запытаў таксама ўвайшлі "ІП Пірагова" і "Чарнобыль". У дзясятку трапілі "Маці чэмпіёнаў", "Нішто не здараецца двойчы", "Гранд Ліён", "Султан майго сэрца", расійскі камедыйны серыял "Івановы Івановы", "Мыладрама", "Жукі".

Сярод тэлевізійных шоу па-за канкурэнцыяй "Еўрабачанне-2019". Далей — "План Б", 20-ы сезон "Бітвы экстрасэнсаў", "Оскар-2019", "Форт Баярд", "Славянскі базар — 2019", 4-ы сезон "Пацанак", "Цяжарная ў 16", "Хто супраць", "Барадзіна супраць Бузавай".

Сярод пакупак найчасцей шукалі вентылятары, аўтамабілі ў Германіі і кандыцыянеры. Таксама ў першую дзясятку трапілі запыты беларусаў пра ровары, электрасамакаты, басейн, квіткі на "Еўрапейскія гульні" ў Мінску, камп'ютар, батут і цяпліцу.

Як бачым, у запытах жыхароў Беларусі прасочваецца значны ўплыў расійскіх фільмаў, серыялаў, праграм, музыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.