Стала вядома, хто прадаў кватэру для Анжалікі Мельнікавай

Анжаліка Мельнікава

Анжаліка Мельнікава

Стала вядомае імя чалавека, які прадаў кватэру для Анжалікі Мельнікавай у жылым комплексе "Маяк Мінска".

Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава знікла ў сакавіку 2025 года. Пасля яе знікнення выявілася, што з рахунку яе фонду былі знятыя каля 150 тысяч долараў. Пазней з'явіліся звесткі, што Мельнікаву жывую і здаровую бачылі ў Мінску. Яе бацька пацвердзіў у гутарцы з журналістамі, што Анжаліка ўжо год як у Беларусі. Пасля гэтага стала вядома, што ў мінску на імя Мельнікавай нядаўна былі набытыя дзве кватэры.

Як высветліла выданне "Зеркало" з дапамогай "Кіберпартызанаў", кватэру ў ЖК "Маяк Мінска" на вуліцы Пятра Мсціслаўца на імя Мельнікавай прадаў грамадзянін Беларусі Аляксей Вітальевіч Чалаеў. Да моманту продажу ён валодаў кватэрай каля чатырох з паловай месяцаў. Журналісты не знайшлі інфармацыі пра гэтага чалавека ні ў сацсетках, ні ў іншых крыніцах.

Прадстаўнікі ініцыятывы "Кіберпартызаны" праверылі яго пашпартныя звесткі і прыйшлі да высновы, што такога чалавека не існуе.

"На падставе наяўных у "Кіберпартызанаў" базаў звестак ёсць падставы меркаваць, што гэта пашпарт прыкрыцця Аляксея Лабеева — агента контрразведкі КДБ, які неаднаразова сустракаўся з Мельнікавай", — заяўляюць яны.

Таксама "Кіберы" выявілі, што ў некаторых дзяржаўных дакументах пашпарт на імя Аляксея Чалаева фігуруе разам з іншым пашпартам прыкрыцця на імя Васіль Кайчанка (VASILI KAICHANKA). Раней прадстаўнікі ініцыятывы высветлілі, што "Васіль" — гэта агент беларускай контрразведкі, які ў студзені 2024 года прыбыў на Шры-Ланку разам з Лабеевым. У гэты ж час туды прылятала і Мельнікава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.