Стала вядома, дзе будзе працаваць былы міністр юстыцыі Сліжэўскі

Ігар Сяргеенка і Алег Сліжэўскі / БЕЛТА​
Ігар Сяргеенка і Алег Сліжэўскі / БЕЛТА​

Алег Сліжэўскі, якога Аляксандр Лукашэнка напярэдадні вызваліў ад пасады міністра юстыцыі, пераходзіць на працу ў МЗС. Пра гэта заявіў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка падчас прадстаўлення новага кіраўніка Мінюста, паведамляе БЕЛТА.

Сяргеенка падзякаваў Сліжэўскаму за працу ў Міністэрстве юстыцыі і расказаў, на якую ж працу пераводзяць былога міністра.

"Ён пераходзіць на працу ў структуру Міністэрства замежных спраў, дзе будзе прадстаўляць інтарэсы нашай краіны. Пытанне ўзгодненае кіраўніком дзяржавы", — сказаў Сяргеенка.

Першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў уручыў Сліжэўскаму ганаровую грамату Савета Міністраў. У прамове ў адказ былы міністр сказаў, што "можна шмат казаць пра тое, што мы зрабілі за апошнія гады", і што "ўсё гэта вынік працы згуртаванага высокапрафесійнага калектыву". Ён пажадаў былым калегам "заставацца такімі ж патрыётамі, вернымі сабе, юрыдычнай прафесіі".

Нагадаем, Сліжэўскі ўзначальваў Мінюст каля 10 гадоў, а раней курыраваў тут жа палітычныя партыі і аб'яднанні. Своеасаблівым вынікам гэтага куратарства можна назваць той факт, што з лютага 2000 года ведамства не зарэгістравала ніводнай новай партыі. У апошні год Мінюст займаўся зачысткай грамадзянскай супольнасці — па пазовах ведамства Вярхоўны суд пазбаўляў рэгістрацыі грамадскія арганізацыі і аб'яднанні. З 2007 года Алег Сліжэўскі знаходзіцца ў санкцыйных спісах.

Новым міністрам юстыцыі стаў сілавік — былы намеснік кіраўніка МУС Сяргей Хаменка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі