Стала вядома, чаму УЕФА дазволіла СТБ паказваць Еўра-2024 — "Трыбуна"

Тэлевізар, ілюстрацыйнае фота

Тэлевізар, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Сёлетні чэмпіянат Еўропы па футболе дазволілі паказваць на тэлеканале СТБ, бо гэта, як выявілася, самы "чысты" тэлеканал у Беларусі. Гэта высветліла "Трыбуна".

Яшчэ напрыканцы траўня паведамлялася, што трансляцыі Еўра-2024 на тэрыторыі Беларусі не будзе, бо ніводная тэлакампанія не змагла набыць правы. Мінінфармацыі нават дазволіла пірацкія паказы, але пасля пагроз з боку УЕФА ўлады адмовіліся ад такога намеру.

Як даведалася "Трыбуна", перамовы з УЕФА пачаліся ў панядзелак, 10 чэрвеня. У выніку "Сталічнае тэлебачанне" выкупіла правы на трансляцыю. Паводле непацверджанай інфармацыі, ва УЕФА з нейкай прычыны выставілі мінімальна магчымую цану.

Паводле звестак "Трыбуны", Белтэлерадыёкампаніі, у якую ўваходзіць спартыўны тэлеканал "Беларусь 5", адмовілі з прычына санкцый ЕС, уведзенымі ў сувязі з вайной Расіі супраць Украіны. Тэлеканал АНТ атрымаў адмову, бо ім да 13 чэрвеня кіраваў Марат Маркаў (які стаў новым міністрам інфармацыі), які знаходзіцца пад санкцыямі ЕС за падтрымку рэжыму Лукашэнкі і рэпрэсіі супраць беларусаў, а таксама пад санкцыямі Швейцарыі, дзе якраз базуецца УЕФА.

Выкупіць правы на Еўра-2024 планаваў "Белтэлекам", каб трансляваць матчы на "Ясна ТБ". Аднак даведаўшыся прычыну адмову каналу АНТ, кіраўніцтва "Белтэлекама" нават не стала пасылаць заяўку ва УЕФА. Гендырэктар кампаніі Юрый Петручэня з верасня 2020 года знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі краін Балтыі за падтрымку рэжыму Лукашэнкі і ўдзел у рэпрэсіях.

Тэлеканал СТБ аказаўся самым "чыстым". Ён не трапіў ні пад якія санкцыі, як і яго кіраўнік Аляксандр Асенка, які значыцца толькі ў санкцыйным спісе Украіны. Праўда, на канале ёсць супрацоўнікі, якія ўнесеныя ў "чорныя спісы" ЕС за падтрымку рэжыму Лукашэнкі і вайны ва Украіне, (напрыклад, Азаронак, Мукавозчык). Але функцыянеры УЕФА мяркуюць, што тыя "не могуць паўплываць на рашэнне па трансляцыях футбольных матчаў", піша "Трыбуна".

Хто будзе каментаваць Еўра-2024, пакуль невядома. Хутчэй за ўсё, гэта будуць супрацоўнікі спартовага тэлеканала "Беларусь 5".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі