"Справу аб патроне" на экс-фігуранта "справы Белага легіёна" перадалі ў суд

"Справу аб патроне" на экс-фігуранта "справы Белага легіёна" перадалі ў суд

У суд Ленінскага раёна Мінска перададзеная крымінальная справа мастака-дызайнера Андрэя Бяляўскага, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Яго вінавацяць у захоўванні боепрыпасаў — гэта пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. 

Мінскі мастак-дызайнер Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка па так званай "справе Белага легіёна". Падчас ператрусу ў яго знайшлі патрон, які захоўваўся ў якасці сувеніра. 

Спярша хлопца абвінавацілі разам з іншымі ў навучанні і падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. 2 чэрвеня Бяляўскага адпусцілі з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Гэтая справа супраць яго, як і супраць іншых фігурантаў, была спыненая. 

Аднак на Бяляўскага пачалі справу за знойдзены патрон. Хадайніцтва мастака, які прасіў прызнаць яго ўчынак не ўяўляючым грамадскай небяспекі і юрыдычна нязначным, следства адхіліла. 

Праваабаронцы “Вясны” заявілі, што гатовыя прызнаць Бяляўскага палітвязнем, калі яму прысудзяць рэальнае пакаранне за знойдзены патрон. На іх думку, "справу аб патроне" мусілі б спыніць, бо яна вынікала са спыненай "справы Белага легіёна".

Дата суда пакуль не прызначаная.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі