"Справа падпалкоўнікаў": затрымалі 5 экс-сілавікоў, якія ў 2020-м асудзілі гвалт

Афіцэры ў 2020-м запісалі відэазварот

Афіцэры ў 2020-м запісалі відэазварот / t.me/viasna96/

Затрымалі 5 былых сілавікоў, якія ў 2020-м запісалі відэа з асуджэннем гвалту. Супраць іх распачалі крымінальную справу, паведамляе ex-press.live.

Затрыманне адбылося ў Жодзіне на мінулым тыдні. Усе затрыманыя — былыя супрацоўнікі мясцовай міліцыі. Сярод іх — падпалкоўнік міліцыі Ігар Кісляк, былы намеснік начальніка аддзела ГУБАЗ МУС, які праслужыў доўгі час начальнікам крымінальнай міліцыі Жодзінскага ГАУС. Таксама за краты трапілі падпалкоўнік у адстаўцы, былы намеснік начальніка Жодзінскага ГАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Вячаслаў Ільіч, падпалкоўнік, былы намеснік начальніка Жодзінскага ГАУС па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні Андрэй Дарошка, падпалкоўнік юстыцыі ў запасе, былы начальнік следчага аддзела Віталь Папроцкі, падпалкоўнік юстыцыі ў запасе, начальнік следчага аддзялення Дзмітрый Удовін. Яны знаходзяцца ў СІЗА № 1 у Мінску. У чым іх абвінавачваюць, пакуль невядома.

У 2020 годзе афіцэры запісалі відэазварот да супрацоўнікаў жодзінскай міліцыі і да ўсіх супрацоўнікаў МУС РБ, у якім гаварылі пра недапушчальнасць гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў.

Затрыманні былых сілавікоў, якія асудзілі гвалт, у Беларусі адбываліся і раней. Працягваюцца рэпрэсіі і супраць тых сілавікоў, якія перайшлі на бок народа ў 2020-м, і супраць тых, якія звольніліся і не рабілі ніякіх заяў. Многія з іх былі вымушаныя з'ехаць за мяжу, іншыя застаюцца за кратамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі