“Спакойны і ўпэўнены ў сабе”: як адрэагаваў Лукашэнка на перамогу

“Журналісты пачалі збірацца ў калідорах Цэнтрвыбаркама ўжо ў 10 гадзін вечара, калі на ўсіх участках для галасавання завяршаўся прыём бюлютэняў. Як заведзена ў такіх выпадках, адбываецца абмен апошняй інфармацыяй, аднак на гэты раз чамусьці размова вялася выключна вакол асобы Аляксандра Лукашэнкі. З якім адрывам пераможа Лукашэнка ў другім туры выбараў і ці пераможа наогул? Калі пераможа, то якія перастаноўкі магчымыя ў апараце ўлады? З чаго прэзідэнт пачне сваю працу?”, — так пачынаецца рэпартаж “Народнай газеты” з начнога падліку галасоў пасля другога тура выбараў прэзідэнта Беларусі, у ноч з 10 на 11 ліпеня.

Карэспандэнт апісвае, як журналісты бавяць ноч у ЦВК і пераказвае байкі, пачутыя ад калег падчас выбарчай кампаніі. Напрыклад, пра тое, як Лукашэнка апошні раз парыўся ў лазні з аднавяскоўцамі і абяцаў ім у выпадку перамогі пабудаваць новую. Вынікі выбараў абвясцілі а трэцяй ночы:

“У тры гадзіны нам абвяшчаюць: прэзідэнтам стаў Аляксандр Лукашэнка. Папярэдні расклад галасоў выглядае так: Мінск — 70% галасоў за Лукашэнку, 19,8 — за Кебіча. Мінская вобласць адпаведна 82,4 і 12,2, Віцебская… Агулам за Лукашэнку прагаласавала прыкладна 80,1%, за Кебіча ўсяго 14,1%”.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Сазонаў тут жа каментуе журналістам прычыны перамогі: “Мы накіравалі на ўчасткі 20 тысяч сваіх назіральнікаў. Фальсіфікацыі выключаюцца. Ну, а ў роўным баі, як бачым, без накаўта не абышлося”. Расказаў Сазонаў таксама пра рэакцыю Лукашэнкі на перамогу: “Нармальная рэакцыя. Спакойны і ўпэўнены ў сабе”.

Пад рэпартажам з ЦВК у “Народнай газеце” надрукаваная заява прайграўшага выбары Вячаслава Кебіча, які на той момант быў кіраўніком урада. Завяршаецца яна паведамленнем аб адстаўцы:

“Паважаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь! Адбыўся другі тур выбараў прэзідэнта нашай Рэспублікі. Ён прынёс горкія, але зразумелыя для мяне вынікі. Улада заўсёды адказная. Ведаючы нашы шматлікія праблемы, я дапускаў, што выбары будуць для мяне вельмі цяжкімі. Я паважаю думку народа і віншую Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, які выбраны першым прэзідэнтам Рэспублікі, жадаю яму паспяховай работы. Вы помніце, на апошніх тэледэбатах я сказаў, што мы прачнёмся 11 ліпеня і ўбачым: нашы праблемы пераначавалі разам з намі. Вось, выбары прайшлі. Аднак жыццё не зможа змяніцца раптоўна і тым больш не можа змяніцца само па сабе. Настаў час кожнаму вызначыцца ў новай сітуацыі”.

Ведаў бы Кебіч тады, што жыццё ў Беларусі не вельмі моцна зменіцца і праз 20 гадоў, можа, і не пайшоў бы ў адстаўку.

Рыторыка тых гадоў часам нават пераўзыходзіць сучасную ў экспрэсіўнасці.

Парады Лукашэнкі Кебічу.

У тыя часы "Народная газета" яшчэ магла смяяцца ў уладаў.

Будучыя апазіцыянеры актыўнічалі і летам 1994-га.

І крыху пра паўсядзённае жыццё беларусаў у год абрання Аляксандра Лукашэнкі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі