Вы тут

"Пасланне" Аляксандра Лукашэнкі пераносіцца на адзін дзень

Аляксандр Лукашэнка падчас святкавання Дня незалежнасці ў Мінску 3 ліпеня 2020 года / Reuters

Традыцыйнае пасланне Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народу і Нацыянальнага сходу, запланаванае на 3 жніўня, перанесена на 4 жніўня. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі некалькі інфармаваных крыніцаў.

TUT.by заўважае, што расклад грамадскага транспарту ў раёне Палаца Рэспублікі раніцай 3-га жніўня не зменіцца. Раней была інфармацыя, што з 8:30 да 11:30 3 жніўня транспарт не будзе спыняцца на Кастрычніцкай плошчы. Гэта звязвалі з прыездам у Палац Рэспублікі Аляксандра Лукашэнкі.

Тэлеграм-канал журналіста "Нашай Нівы" Арцёма Гарбацэвіча са спасылкай на ўдзельнікаў сустрэчы паведамляе, што пасланне пераносіцца ў сувязі з "дапрацоўкай тэксту""Нехта кажа пра адкладанне на няпэўны тэрмін, нехта — пра перанос на аўторак".

Увогуле пасланне Лукашэнкі звычайна праходзіць у красавіку, але ў гэтым годзе яно было адкладзена з-за каранавірусу. Лукашэнка патлумачыў гэта вось так:

"Але сітуацыя з каронапсіхозам, інфекцыямі, ну, а потым абвешчанай пандэміяй, пагадзіцеся, ашаламляльна змяніла сітуацыю не толькі ў нашай краіне, але ва ўсім свеце. Вось уявіце прэзідэнта на трыбуне сёння. І што ён можа сказаць? Я задаваў шмат пытанняў, вы гэта чулі, што будзе з намі пасля гэтага псіхозу і інфекцыі? Хто сёння можа сказаць, што будзе? Ніхто".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.