Службовых аўто — на 42 мільярды рублёў?

Пасля ўказу прэзідэнта пра ліміт на кошт аўтамабіляў службовыя машыны пачалі купляць нават тыя, хто раней і не планаваў гэтага.

Еўрарадыё заўважыла, што мясцовыя і рэспубліканскія бюджэты не толькі забяспечваюць дзяржслужбоўцаў добрымі аўтамабілямі коштам 25 тысяч еўра, але і выконваюць нестандартныя пажаданні кліентаў-чыноўнікаў.

Да прыкладу, кіраўніку сельскагаспадарчага аддзелу Уздзенскага райвыканкама купляюць Renault Duster толькі… карычневага колеру.

“Рэч у тым, што наш кіраўнік убачыў у чалавека менавіта такую машыну ў такім колеры. У чорным яна так не глядзіцца, а вось у карычневым! Гэта не каб маскіравацца дзе ў полі, гэта толькі справа густу”, — тлумачаць Еўрарадыё ва Уздзенскім райвыканкаме. Кошт густу чыноўніка — 230 мільёнаў рублёў.

Нават у Міністэрства па падатках і зборах густы таннейшыя. Там купляюць адразу 25 аўтамабіляў — за набытак аддалі 3 мільярды рублёў.

“Аўтамабілі трэба ў раённыя і абласныя аддзяленні МПЗ. Паступова трэба мяняць машыны: дзе якая зламаецца, трэба замяніць”, — кажуць у Міністэрстве па падатках і зборах, пакуль я здзіўляюся масавай крытычнай паломцы машын. Гэта ж трэба — адразу 25 штук!

У Міністэрстве падаткаў і збораў кажуць, што купляюць толькі беларускія аўтамабілі і не першы год.

“Samand. Мы і год назад куплялі, і зараз. Аўтамабіль як аўтамабіль. Ёсць нюансы: па дарогах правінцыі — ведаеце самі, якія дарогі. Усё згодна з заканадаўствам, ёсць указ, які рэкамендуе набываць аўтамабілі беларускай вытворчасці”, — кажуць у міністэрстве і дадаюць, што ўказ існаваў і да ўвядзення ліміту на кошт службовага аўто.

Белстат набывае адразу чатыры WV Passat Lim Trendline TSI Sedan. Кошт кожнага аўто — 25 тысяч еўра. Навошта?

“Для галоўных упраўленняў па абласцях. Яны чамусьці самі не змаглі аформіць заяўку, да нас звярнуліся”, — нявесела кажа дзяўчына з Белстата. І я разумею яе журбу: калі супрацоўнікі Віцебска, Гомеля, Гродна не могуць самі аформіць заяўку на электронны аўкцыён, якая тады статыстыка...

Райвыканкам Бераставіцы купляе аўтамабіль для… участковага:

“Ніву" з трыма дзвярыма ці аналаг”, — кажуць мне ў Бераставіцы. Райвыканкам любіць свайго ўчастковага на 90 мільёнаў рублёў — менавіта столькі каштуе будучая машына. 

Заўважаю, што фінансаваму аддзелу Чэрвеньскага райвыканкама Мінскай вобласці далі на аўто болей за 230 мільёнаў. А такому ж фінаддзелу Хоцімскага райвыканкама Магілёўскай вобласці — на 100 мільёнаў меней. Несправядліва!

“Мы ўжо і самі заўважылі такую розніцу, не любяць нас чамусьці. Але адзін раён нашай вобласці ўсё ж выдзелілі. Які? Шклоўскі — фінансаваму аддзелу далі 142 мільёны на аўтамабіль, — кажуць у Хоцімским. — Мы баімся, што калі не купім, дык і гэта забяруць! Каб хоць што ўжо купіць!”.

2013 год — нейкі ракавы для службовых аўтамабіляў: ламаюцца і рады не даць. На сайце дзяржзакупак тэндараў на закупы аўтамабіляў каля тысячы: купляюць аўто і  абл-, і сельвыканкамы. Дзе, скажыце, Дунілавіцкі, Ходцаўскі сельвыканкамы? А яны цягнуць з бюджэту па 88 мільёнаў рублёў кожны.

Як падлічыла Еўрарадыё, за пяць месяцаў 2013 года аб’яўлена тэндараў на службовыя аўтамабілі на… 42 мільярды рублёў! За ўвесь 2012 год чыноўнікі замовілі службовых машын толькі на 6 мільярдаў.  Гэта амаль у 7 разоў менш!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі