Вы тут

Следчы камітэт высвятляе, хто падпаліў дом, дзе вырас камандзір АМАПа

Пажар у доме, дзе вырас Дзмітрый Балаба / nashaniva.by

Следчыя пачалі крымінальную справу па факце падпалу дома ў вёсцы Маладзечанскага раёна. У прэс-службе Следчага камітэта пішуць, што шукаюць людзей, "якія маюць дачыненне да падпалу дома сваячкі супрацоўніка міліцыі".

Мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра падпал дома, у якім вырас камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба. Як распавядала Еўрарадыё, дом размешчаны ў вёсцы Гарадзілава. Сам камандзір АМАП у яго не прыязджае — домам і ўчасткам займаецца яго 46-гадовая стрыечная сястра. 

Паводле звестак следства, звесткі пра пажар дома ратавальнікі атрымалі 11 кастрычніка каля 2:40. Прыбыўшы на месца выкліку, яны ліквідавалі пажар.

Следча-аператыўная група вывучыла месца здарэння. "Улічваючы сукупнасць атрыманых падчас першапачатковых следчых дзеянняў даных, асноўнай версіяй з'яўляецца наўмысны падпал", — падкрэсліваюць у СК.

Следчыя пачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам). За гэта пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.