Следчы камітэт: У справе аб махлярстве ў Skype налічваецца 40 пацярпелых

Следчы камітэт: У справе аб махлярстве ў Skype налічваецца 40 пацярпелых

У справе аб махлярстве ў Skype налічваецца 40 пацярпелых. Як інфармуе прэс-служба УСК па г. Мінску, расследаванне крымінальнай справы ўжо завершанае, неўзабаве яе могуць перадаць у суд.

Высветлілася, што 23-гадовы ураджэнец Светлагорска дзейнічаў з лютага 2016-га да лютага 2017 года ў складзе групы і па папярэдняй змове з замежнікам. Ён набыў на спецыялізаваных форумах у інтэрнэце звесткі пра больш за 17 тысяч уліковых запісаў карыстальнікаў Skype ды паролі доступу да іх. Каб даведацца, якія ўліковыя запісы “найбольш перспектыўныя” для здзяйснення махлярскіх дзеянняў, зламыснікі несанкцыянавана атрымлівалі доступ да камп’ютарнай інфармацыі іх карыстальнікаў, вывучалі іх змест.

Далей махляры блакавалі доступ законных праваўладальнікаў да іх акаўнтаў. Пасля ад іх імя былі адпраўленыя кантактам просьбы пазычыць грошы і перавесці іх на пазначаныя карт-рахункі, на рахункі шэрагу электронных плацёжных сістэм. Ад дзеянняў зламыснікаў пацярпелі дзясяткі беларусаў і замежнікаў. Крымінальную справу ў адносінах грамадзяніна Беларусі распачалі па артыкулах “замах на наўмысны доступ да камп’ютарнай інфармацыі”, “замах на наўмыснае блакаванне камп’ютарнай інфармацыі” і “замах на махлярства”. Ён знаходзіцца пад вартай. Крымінальную справу атрымаў пракурор для накіравання ў суд. Што да замежніка, дык матэрыялы ў яго адносінах вылучылі ў асобную вытворчасць. Пакуль невядома, дзе ён знаходзіцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі