Следчы камітэт пацвердзіў гібель рабочага на "Беларуськаліі"

Следчы камітэт увечары 3 студзеня пацвердзіў гібель рабочага ў адной з шахтаў "Беларуськалія".

У каментары агенцтву БЕЛТА афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог паведаміла, што следча-аператыўная група спускалася ў шахту, каб высветліць усе акалічнасці інцыдэнту.

Як распавядала Еўрарадыё, звесткі пра гібель рабочага з'явіліся пасля 17-й гадзіны ў сацсетцы "Вконтакте". Паведамлялася, што ў шахце трэцяга рудаўпраўлення абвалілася страха і пад завалам загінуў 51-гадовы рабочы. Па звестках карыстальнікаў сацсетак, у яго засталіся двое маленькіх дзяцей.

Сёлета гэта першае трагічнае здарэнне на "Беларуськаліі". Шэраг здарэнняў адбыўся на прадпрыемстве ў лістападзе 2016-га. У тым ліку, 14 лістапада ў шахце загінуў 22-гадовы рабочы.