Вы тут

Следчы камітэт: беларусы атруціліся ў Егіпце "неўстаноўленым рэчывам"

Шарм-эль-Шэйх / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Беларусы, муж і жонка, якія памерлі ў Егіпце, атруціліся "неўстаноўленым рэчывам". Упраўленне Следчага камітэта па Мінску агучыла вынікі праверкі.

Беларусы восенню 2019-га знаходзіліся на адпачынку ў Шарм-эль-Шэйху. 23 кастрычніка 56-гадовы мужчына адчуў недамаганне, яго шпіталізавалі ў мясцовы шпіталь, дзе на наступны дзень ён памёр. Яго 54-гадовая жонка была шпіталізавана пасля вяртання ў Беларусь. Яна памерла 13 лістапада.

Эксперты засведчылі, што смерць наступіла ў выніку атручвання неўстаноўленым рэчывам. Аднак якім чынам яно трапіла ў арганізм, высветліць не ўдалося. Вядома толькі, што напярэдадні беларусы былі на экскурсіі па горадзе, елі манга, якое дзесьці купілі (не ў гатэлі), і рыбу ў рэстаране гатэля.

Беларускія праваахоўнікі атрымалі з Егіпта шэраг звестак па справе, у тым ліку вынікі праверкі, якая там праводзілася (былі апытаныя дзясяткі турыстаў). Егіпецкая паліцыя пацверджанняў крымінальнай версіі смерці беларуса не знайшла. Было заяўлена, што ў 2019-м у Егіпце больш не было смерцяў з падобнымі абставінамі.

СК паведамляе, што ў распачацці крымінальнай справы адмоўлена "за адсутнасцю складу злачынства".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.