Беларус знік пад Барселонай. Праз месяц стала вядома, што з ім здарылася
Генадзь Смаляк / @marta_guliay
Улетку блізкія страцілі сувязь з Генадзем Смаляком у Барселоне. Беларуса шукалі каля месяца, а 18 ліпеня стала вядома, што яго знайшлі і даставілі ў шпіталь. Цяпер Смаляк расказаў "Свабодзе", што ўвесь гэты час сам вандраваў па Іспаніі. Паводле ягоных словаў, ён блукаў каля трох месяцаў, страціў беларускі пашпарт і польскі від на жыхарства, перанёс сонечны ўдар, падзенне цукру ў крыві і праблемы з сэрцам.
Пасля шпіталя Смаляк атрымаў у беларускім консульстве ў Іспаніі даведку для вяртання ў Беларусь, але замест гэтага з'ехаў у Польшчу і падаў дакументы на міжнародную абарону. Цяпер ён знаходзіцца ў міграцыйным лагеры. Да гэтага каля паўгода жыў з сябрамі ў закінутым доме пад Барселонай. Смаляк кажа, што пайшоў блукаць, каб "знайсці сябе", а падчас вандровак прыйшоў да будызму і адмовіўся ад наркотыкаў. Раней у Мінску ён працаваў санітарам у псіханеўралагічным інтэрнаце і дапамагаў бяздомным, людзям з інваліднасцю і залежнасцямі.