Скаргу збітага журналіста tut.by Мінгарсуд разгледзіць 1 сакавіка

Скаргу збітага журналіста tut.by Мінгарсуд разгледзіць 1 сакавіка

1 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе а 15-й гадзіне будзе слухацца скарга журналіста Паўла Дабравольскага.

Як паведамлялася раней, журналіст партала tut.by быў аштрафаваны на 9 млн 450 тысяч рублёў (45 базавых велічыняў). Яго прызналі вінаватым у нецэнзурнай лаянцы і непадпарадкаванні супрацоўнікам АМАП.

Журналіст падаў скаргу на пастанову суда, пасля таго як 4 лютага атрымаў матывацыйную частку, піша tut.by. У сваёй скарзе Дабравольскі заяўляе, што не згодны з пастановай суда першай інстанцыі і лічыць яго "неабгрунтаваным, вынесеным без усебаковага вывучэння ўсіх абставінаў і пры наяўнасці сур'ёзных супярэчнасцяў, якія засталіся неўстароненыя падчас судовага пасяджэння". Ён падкрэсліў, што пастанова суда грунтавалася толькі на паказаннях міліцыянтаў, якія яго збілі, а таксама на тое, што паказанні супрацоўнікаў міліцыі ў матывацыйнай частцы пастановы суда не адпавядаюць адна адной.

Сам інцыдэнт адбыўся 25 студзеня падчас суда па "справе графіцістаў". З перформансам у зале суда выступілі актывісты Шыцік і Сяргей, якіх выдалілі з пасяджэння. У калідоры суда журналіст пачаў здымаць на відэа затрыманне актывістаў, але яго таксама схапілі і запіхнулі ў рабочы кабінет каля залы пасяджэння. Па словах журналіста, іх моцна збівалі. Гэта суправаджалася лаянкай і пагрозамі.

Міліцыя афіцыйна паведаміла, што журналіст перашкаджаў яе супрацоўнікам.

Больш за 180 журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ падпісаліся пад зваротам да высокапастаўленых чыноўнікаў з патрабаваннем бесстаронне разабрацца ў справе Дабравольскага і абараніць права журналістаў на атрыманне інфармацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі