Сілавікі ў беларускай культуры: з КДБ — у цырк, з міліцыі — на БТ
Злева направа: Іван Эйсмант, Валерый Курда, Марат Маркаў
Чаму культурнымі ўстановамі ў Беларусі кіруюць людзі, якія амаль не маюць дачынення да культуры?
Увосень Аляксандр Лукашэнка прызначыў траіх сілавікоў сваімі памочнікамі. Дзяржсакратар Савета бяспекі Валерый Вакульчык прызначаны інспектарам па Брэсцкай вобласці, кіраўнік МУС Юрый Караеў — па Гродзенскай, а намеснік міністра МУС Аляксандр Барсукоў — па Мінску. Памочнікі-сілавікі ўказам ад 26 лістапада атрымалі права актыўна ўплываць на эканоміку рэгіёнаў і на іх жыццё ў цэлым: прысутнічаць на пасяджэннях іх органаў кіравання, уносіць свае прапановы і г. д.
Еўрарадыё вырашыла паглядзець, што яшчэ "несілавое" ў Беларусі ўзначальваюць былыя сілавікі. Знайшлося шмат — ад Саюза пісьменнікаў да цырка.
Уладзімір Шабан — Белдзяржцырк
Ёсць такая прыказка: хто ў арміі служыў — той у цырку не смяецца. Цяперашні дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан больш за трыццаць гадоў праслужыў у КДБ — на пасадзе, звязанай з "ідэалагічным складнікам". Так што ці смяецца ён у мінскім цырку — незразумела. З "культурнага" ў бэкграўндзе Шабана: граў на трубе, скончыў музычную школу па класе баяна і Інстытут культуры. А потым — органы.
Аляксандр Карлюкевіч — галоўны рэдактар газеты "Звязда" і ВД "Звязда"
Аляксандр Карлюкевіч даўно звязаны з журналістыкай, але ўсё ж — сілавік. У 1985 годзе скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Да 1995 года даслужыўся да звання падпалкоўніка. Працаваў у газетах "Звязда", "Чырвоная змена", "Советская Белоруссия". У верасні 2017 года прызначаны міністрам інфармацыі. Пакінуў гэту пасаду ў 2020 годзе разам з адстаўкай прэм'ер-міністра Сяргея Румаса — і вярнуўся ў выдавецкі дом "Звязда".
Іван Эйсмант — Белтэлерадыёкампанія
Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант па адукацыі не журналіст. Ён скончыў юрыдычны факультэт Акадэміі міліцыі. Пасля працаваў па спецыяльнасці на бацькаўшчыне, у Гродне, даслужыўся да капітана. На тэлебачанні апынуўся ў 2006 годзе, калі яго сястра Ганна, якая працавала на той момант у спартыўнай журналістыцы, запрасіла яго на кастынг вядучых.
Валерый Курда — ансамбль "Харошкі"
У 2020 годзе дырэктарам харэаграфічнага ансамбля "Харошкі" стаў палкоўнік Валерый Курда. Да гэтага ён быў дырэктарам Драматычнага тэатра Беларускай Арміі і намеснікам начальніка Дома афіцэраў.
Ігар Гедзіч — Гродзенскі драмтэатр
Гродзенскі драмтэатр узначальвае яшчэ адзін палкоўнік запасу — Ігар Гедзіч. У 1993 годзе ён скончыў Мінскае вышэйшае ваеннае інжынернае вучылішча, а крыху пазней — камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі. 27 кастрычніка з Гродзенскага драмтэатра былі звольненыя галоўны рэжысёр Генадзь Мушперт і рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Курыленка: за дзень да гэтага яны абвясцілі, што далучаюцца да нацыянальнай забастоўкі. Ідэалагічная бяспека ў тэатры — на самым высокім узроўні.
Марат Маркаў — АНТ
Выпускнік Мінскага ваеннага вучылішча (цяпер Ваеннай акадэміі) Марат Маркаў працаваў загадчыкам аддзела па рабоце з грамадскімі аб'яднаннямі ў Адміністрацыі Лукашэнкі. У сакавіку 2017 года прызначаны кіраўніком тэлеканала АНТ.
Юрый Казіятка — "Минск-Новости"
Былы гендырэктар СТБ Юрый Казіятка скончыў Курганскае вышэйшае ваенна-палітычнае авіяцыйнае вучылішча. Цяпер ён займае пасаду генеральнага дырэктара агенцтва "Минск-Новости".
Яго намеснік, Дзмітрый Партон, пасля заканчэння факультэта ваеннай журналістыкі ў Львове служыў у армейскай прэсе, працаваў на радыё і на "ВоенТВ". Пры Паўле Якубовічу быў намеснікам галоўнага рэдактара "СБ. Беларусь сегодня", а потым паспеў папрацаваць на СТБ.
Мікалай Чаргінец — Саюз пісьменнікаў Беларусі
Мікалай Чаргінец у 1960-я скончыў Вышэйшую школу трэнераў і юрфак БДУ. Працаваў начальнікам упраўлення крымінальнага вышуку МУС, начальнікам Беларускага Упраўлення ўнутраных спраў на транспарце. Даслужыўся да генерал-лейтэнанта ўнутранай службы, стаў пісьменнікам у жанры "міліцэйскага дэтэктыва" — і ўзначаліў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
На сваіх месцах
Ёсць у культуры сілавікі, якія знаходзяцца на сваіх месцах. Напрыклад, дырэктар музея ВАВ Уладзімір Варапаеў — палкоўнік запасу і магістр мастацтваў. Да таго Варапаеў 15 гадоў узначальваў Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл.
Гістарычным комплексам "Лінія Сталіна" кіруе афіцэр-афганец Аляксандр Мятла. Пасля заканчэння Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча ён служыў палітработнікам у розных падраздзяленнях, пяць гадоў армейскай службы правёў у Групе савецкіх войскаў у Германіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.