Шыльда з пяццю зоркамі на гатэлі “Еўропа” пакуль несапраўдная

На афіцыйным сайце, па тэлефоне і нават на вывесцы гатэля “Еўропа” працягвае прэзентаваць сябе як пяцізоркавы гатэль. У гатэлі Еўрарадыё прызналіся, што шыльду заказалі загадзя і зоркавага статуса ў іх пакуль няма. Еўрарадыё ўжо 6 месяцаў сочыць за тым, калі ў сталіцы афіцыйна з’явіцца першы пяцізоркавы гатэль. У канцы чэрвеня мінулага года камісія з Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі зрабіла гатэлю шэраг заўваг і дала час выправіць іх. Кіраўніцтва пакуль не спяшаецца пацвердзіць зоркавы статус “Еўропы”. Начальнік сектара сертыфікацыі Людміла Вокуць расказала Еўрарадыё, што толькі пасля канчатковай праверкі гатэль можа стаць зоркавым. Адзіная загваздка – ніякіх дакументаў у інстытут ніхто не накіроўваў.

Людміла Вокуць: Не, яшчэ не далі і дакумента пацвярджальнага ў іх няма. Я там была яшчэ раз не так даўно, гатэль працуе, усё O’K. У іх усё нармальна. Ну, там крыху мэблі не хапае, вось як будзе, так і пойдзе канчатковая праверка. Калі гатэль будзе гатовы, ён накіроўвае нам ліст і мы тады збіраем камісію, пакуль мы камісію не збіралі яшчэ.

Людміла Вокуць лічыць, што вывеску на гатэлі “Еўропа” з пяці зоркамі, нельга лічыць падманам кліентаў. Да 15 ліпеня кіраўніцтва мае права на яе размяшчэнне: усё ж такі прэтэндуюць на зоркавы статус , пакуль служба дзяржнагляду не прымусіць прыбраць гэту шыльду.

Людміла Вокуць: Зараз яны маюць права павесіць гэтую шыльдачку. На гэта яны маюць права да 15 ліпеня. З 15 ліпеня гэтага года яны не маюць права гэтага рабіць, таму што пастановай дзяржстандарту ўведзена абавязковая сертыфікацыя гатэльных паслуг, калі гатэль заявіўся на пацверджанне адпаведнай катэгорыі.

Сакратар-рэферэнт гатэля “Еўропы” Марына Балтунова кажа Еўрарадыё, што адзінай перашкодай для атрымання зоркавага статуса з’яўляецца шэраг дакументаў, якія трэба прывесці ў належны стан. На пытанне , чаму гатэль працягвае сябе рэкламаваць зоркавым, сакратар-рэферэнт адказвае даволі лагічна.

Марына Балтунова: Мы ж не пабяжым як толькі атрымаем пяць зорак, заказваць усе гэтыя шыльдачкі. А зараз ужо ўсё заказана, усё ўсталявалі і прэтэндуем на пяць зорак, і мы аказваем сэрвіс на пяць зорак. Я не лічу, што мы падманваем сваіх кліентаў.

Гарантаваць, што “Еўропа” стане першым пяцізоркавым гатэлем праз месяц ці два, кіраўніцтва не бярэцца. Еўрарадыё запэўнілі – да 15 ліпеня яны паспеюць прайсці сэртыфікацыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі